«Усё даецца не проста так». Пагаварылі з 90-гадовай матушкай Марыяй аб тым, як быць шчаслівым
Лідзія Літвінава Манахіні Свята-Елісавецінскага манастыра Марыі — свецкае імя Лідзія Іванаўна Літвінава — у гэтым годзе споўнілася 90 гадоў. За сваё жыццё яна займалася вялікім спортам, навуковымі адкрыццямі, а таксама выкладчыцкай дзейнасцю. Але з цягам часу ўсё большую ролю стаў адыгрываць духоўны напрамак. У 2012 годзе яна прыняла манаскі пострыг і атрымала імя Марыя. Сёння матушка ўдзельнічае ў праваслаўных выставах і фестывалях, дапамагае людзям знайсці апору ў веры, дзелячыся сваімі ведамі і жыццёвым вопытам.
Наша гераіня была адзіным дзіцем у сям’і і сваіх бацькоў успамінае з асаблівай цеплынёй. Бацька служыў ваенным лётчыкам — аб яго майстэрстве з публікацый ведаў увесь Савецкі Саюз. Маці Лідзіі была сапраўднай гаспадыняй: умела ствараць у доме ўтульнасць, выдатна шыла, вязала і майстравала. Кватэра дзякуючы яе намаганням нагадвала музей: прыгожыя фіранкі, посцілкі, сурвэткі — кожная рэч зроблена з любоўю.
З ранняга дзяцінства Лідзія марыла пра балет — пастаянна танцавала, прыдумвала ўласныя рухі, хадзіла на спектаклі і магла падоўгу глядзець на артыстаў. Але маці была катэгарычная: балета не будзе. У Мінск сям’я пераехала, калі Лідзія вучылася ў сёмым класе. Тут праз нейкі час яе дзіцячая мара нечакана атрымала працяг. Праўда, не на балетнай сцэне, а ў спартыўнай зале. Яна выпадкова трапіла ў мастацкую гімнастыку.
— Я нават не ведала, што існуе такі від спорту! Мяне паклікала адна дзяўчынка на трэніроўку, я прыйшла паглядзець і літаральна ўлюбілася. Гімнастыка замяніла мне балет: там я змагла рэалізаваць сваю любоў да танца, адчула сябе на сваім месцы.
Спартыўная кар’ера развівалася імкліва. Усяго за некалькі гадоў Лідзія стала майстрам спорту, увайшла ў зборную каманду рэспублікі па мастацкай гімнастыцы, за якую выступала на працягу шасці гадоў.
З выбарам прафесіі Лідзія вызначылася не адразу. Мама хацела, каб дачка пайшла ў педагагічны інстытут. Але дзяўчына вырашыла інакш.
— Сказала, што іду ў медінстытут. Яна нават спалохалася: конкурс вялікі, хіба ты паступіш? А я была ўпэўнена, што прайду. У нас у школе выкладалі цудоўныя настаўнікі, асабліва моцныя па тых прадметах, якія патрэбны былі для паступлення. Я набрала 18 балаў пры прахадным 17.
Пасля заканчэння інстытута Лідзія пяць гадоў працавала ў медыцыне, а пасля пайшла ў біяхімію: працавала на кафедры спартыўнай фізіялогіі і спартыўнай біяхіміі Інстытута фізічнай культуры, спецыялізавалася на вывучэнні стану спартсменаў па паказчыках крыві.
Рашэнне стаць манахіняй не было для Лідзіі вынікам доўгіх разважанняў ці загадзя складзенага плана.
— Мне часта задаюць пытанне, у які момант я зразумела, што трэба ісці ў манастыр. А я нават не магу назваць яго. Усё атрымалася неяк непрыкметна. Ведаеце, як ручаёк паступова ператвараецца ў рэчку. Напэўна, паваротным этапам стала знаёмства з сястрыцтвам міласэрнасці. Мая сяброўка, якая раней была трэнерам па гімнастыцы, сама стала сястрой міласэрнасці і паступова далучыла мяне.
Сем гадоў Лідзія была сястрой міласэрнасці пры манастыры. Паступова прывыкала да мясцовага ўкладу, людзей, самога служэння і, хоць тады яшчэ не насіла манаскага адзення, гэта жыццё станавілася для яе ўсё бліжэй. Так крок за крокам наша гераіня падышла да галоўнага выбару свайго жыцця і прыняла пострыг з імем Марыя.
Сваё прызванне матушка Марыя бачыць перш за ўсё ў дапамозе людзям. Адыход у манастыр для яе ніколі не азначаў закрытасці ад свету — наадварот, малітва стала галоўнай апорай для служэння бліжнім.
— Мая місія пачалася яшчэ з сястрыцтва міласэрнасці і прадаўжаецца да гэтага часу. Дапамагаю людзям разбірацца ў сваім жыцці, у сваіх думках, у тым, што іх непакоіць. І праз гэта прыводжу да Бога. Самае галоўнае для манашкі — адчуваць сваю сувязь з Усявышнім і дапамагаць іншым набыць яе, — гаворыць яна.
Матушка Марыя ўпэўнена: шчасце не азначае адсутнасці цяжкасцей, засмучэнняў ці хвароб. Чалавек можа сутыкацца з выпрабаваннямі, але пры гэтым захоўваць мір у душы, калі разумее, што жыццё не выпадковае і ў кожнай падзеі ёсць свой сэнс.
— Усе мы імкнёмся да шчасця. Але без Бога яно аказваецца мімалётным: успыхне на імгненне — і ўсё пачынаецца спачатку. А калі Бог у душы, чалавек нават перад хваробай ці бядой не страчвае святла і можа ўсміхацца, таму што разумее: усё даецца не проста так.
Лідзія Літвінава — герой нашага праекта «Беларусы ў кадры». Пагаварылі аб рашэнні стаць манашкай, прыняцці пострыгу і яе галоўным прызванні.
* Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.






