Вытворчасць Беларусі і рэсурсы Расіі. Перспектывы электроннага машынабудавання абмяркоўваюць у Мінску
Фота з архіва 16 чэрвеня, Мінск . Аб перспектывах электроннага машынабудавання расказаў гандлёвы прадстаўнік Расіі ў Беларусі Юрый Залатароў на адкрыцці ІІІ Навукова-тэхнічнай канферэнцыі «Электроннае машынабудаванне — 2026»,
Канферэнцыя — гэта не проста дыялогавая пляцоўка, а важнейшы рабочы інструмент для вырашэння стратэгічных задач, якія стаяць перад Беларуссю і Расіяй, лічыць Юрый Залатароў. «Мы жывём у эпоху, калі тэхналагічны суверэнітэт перастаў быць абстрактным паняццем. Гэта фундамент нацыянальнай бяспекі і тэхналагічнай інфраструктуры. Электроннае машынабудаванне — гэта сэрца ўсёй мікраэлектронікі. Без уласнага высокадакладнага абсталявання, без унікальных станкоў і тэхналогій чыстых пакояў немагчыма пабудаваць сучасную суверэнную лічбавую эканоміку», — заўважыў ён.
Ініцыятыва правядзення канферэнцыі поўнасцю падтрымана ўрадамі абедзвюх краін, падкрэсліў эксперт, зачытаўшы прывітальнае слова старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Міхаіла Мішусціна.
Юрый Залатароў таксама дадаў, што сіла Саюзнай дзяржавы заключаецца ў сінергіі. «Гістарычная навуковая і вытворчая база Беларусі і маштабныя рэсурсы Расіі разам даюць унікальны вынік. Канферэнцыя па электронным машынабудаванні стала той самай пляцоўкай, дзе нараджаюцца новыя міждзяржаўныя кааперацыйныя ланцужкі. Тут акадэмічная навука імгненна знаходзіць шлях да рэальнага ўвасаблення ідэй і іх укаранення ў вытворчасць, — адзначыў гандлёвы прадстаўнік. — У бліжэйшыя два дні давядзецца абмеркаваць самыя складаныя і важныя тэхналагічныя пытанні. Абапіраючыся на ўжо дасягнутыя дамоўленасці, неабходна намеціць дакладныя далейшыя крокі па развіцці галіны».
Канферэнцыя «Электроннае машынабудаванне — 2026» праходзіць 16-17 чэрвеня ў Мінску пры падтрымцы Міністэрства прамысловасці і гандлю Расійскай Федэрацыі, Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь і стала пляцоўкай, дзе стратэгічныя ініцыятывы ператвараюцца ў канкрэтныя вытворчыя кейсы.






