Высокатэхналагічны завод па перапрацоўцы алейных культур будуюць у Беларусі пры падтрымцы ЕАБР
Фота з архіва
25 чэрвеня, Алматы . Высокатэхналагічны завод па перапрацоўцы алейных культур будуюць у Беларусі пры падтрымцы ЕАБР. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця Мікалай Падгузаў у час пленарнай сесіі «Еўразія 2030+: інвестыцыі, рост і новыя магчымасці» на бізнес-форуме ЕАБР у Алматы (Казахстан),
«У Беларусі праекты банка дапамагаюць ствараць новую прамысловасць высокіх перадзелаў і забяспечваць харчовую бяспеку. Цяпер пры падтрымцы ЕАБР будуецца новы высокатэхналагічны завод па перапрацоўцы алейных культур, арыентаваны на экспарт. Пасля рэалізацыі праекта сукупная магутнасць завода складзе больш за 1,5 млн т у год. Гэта будзе адзін з буйнейшых заводаў ва ўсім еўразійскім рэгіёне», — сказаў Мікалай Падгузаў.
ЕАБР інвесціраваў у эканоміку Беларусі каля $3,3 млрд. Банк падтрымлівае развіццё прамысловага комплексу краіны з 2010 года. Фокус — на праектах прыватнага бізнесу і павышэнні экспартнага патэнцыялу.
Паводле слоў старшыні праўлення банка, Беларусь — у ліку лідараў несыравіннага экспарту ў Еўразіі. «У яго ўваходзяць не толькі прадукты харчавання, але і шырокі спектр прамысловай прадукцыі. У індэксе складанасці экспарту Беларусь займае самую высокую пазіцыю сярод краін — удзельніц ЕАБР. Гэта сведчыць аб шыраце прамысловай базы, разнастайнасці экспартнай карзіны і наяўнасці вытворчых кампетэнцый. Менавіта гэтыя фактары садзейнічаюць нараджэнню новых праектаў, кааперацыі і далейшай экспансіі на знешнія рынкі», — адзначыў ён.






