Ад паставак малочкі да інвестыцый. Першая сустрэча ўдзельнікаў беларуска-саудаўскага дзелавога савета праходзіць у Мінску
Фота з архіва 15 ліпеня, Мінск . Першая сустрэча ўдзельнікаў беларуска-саудаўскага дзелавога савета праходзіць у Мінску,
У сустрэчы ўдзельнічаюць прадстаўнікі профільных дзяржорганаў і буйных экспарцёраў. Старшыня беларуска-саудаўскага дзелавога савета Расім Ісмаілаў указаў на тое, што ў дзвюх краін ёсць патэнцыял для развіцця гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў.
«У нас шмат ідэй і цікавых напрацовак. Напрыклад, прадукты харчавання. Саудаўская Аравія — даволі гарачая краіна, дзе мала што расце. Таму адным з перспектыўных напрамкаў з’яўляецца экспарт прадуктаў харчавання. Беларусь ужо пастаўляе істотны аб’ём малочнай прадукцыі. Таксама нашых партнёраў можа зацікавіць тэкстыль, лён, метал, наша хімічная прадукцыя. Можна адзначыць і тое, што ў Саудаўскай Аравіі рэалізуецца праграма Vision-2030, па якой праходзіць вялікая колькасць будоўляў. У іх могуць удзельнічаць і нашы кампаніі. Таксама мы разумеем, што ў Беларусі ёсць шмат інвестыцыйных праграм і праектаў, якія, я ўпэўнены, будуць цікавы прадстаўнікам бізнесу Саудаўскай Аравіі», — падкрэсліў Расім Ісмаілаў.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (па сумяшчальніцтве ў Каралеўстве Саудаўская Аравія, Дзяржаве Кувейт і Каралеўстве Бахрэйн) Ігар Белы таксама дадаў, што адным з перспектыўных напрамкаў для супрацоўніцтва з’яўляецца лічбавізацыя.
«Саўдзіты зрабілі вялікі скачок наперад у гэтай сферы. Цяпер усе краіны Персідскага заліва заяўляюць аб тым, што ў бліжэйшы час яны будуць лідарамі ў свеце па штучным інтэлекце. У гэты напрамак укладаюцца вялікія грошы», — сказаў Ігар Белы.
Паводле слоў дыпламата, любыя палітычныя адносіны будуюцца на эканамічнай платформе. Работа дзелавога савета, у які ўцягнуты бізнес, можа прывесці да росту гандлёвага абароту і канкрэтных дасягненняў, якія дапамогуць у далейшым развіваць адносіны з Саудаўскай Аравіяй.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра падтрымкі экспарту Мікалай Барысевіч адзначыў, што работа на рынку любой дзяржавы мае сваю спецыфіку. Работа дзелавога савета дапаможа беларускім экспарцёрам выходзіць і замацоўвацца на рынку Саудаўскай Аравіі. «Паколькі рынак з’яўляецца прэміяльным і шырокім, кіраўніцтва краіны яго рэгулюе. Без сертыфікацыі, без выканання мясцовых правіл работа нашых кампаній будзе абмежавана», — падкрэсліў Мікалай Барысевіч.





