Ваенная, дэмаграфічная і харчовая бяспека. Якія законапраекты разгледзяць дэпутаты на сесіі
15 верасня, Мінск . Законапраекты па пытаннях ваеннай і дэмаграфічнай бяспекі, абароны працоўных правоў і лічбавізацыі эканомікі будуць разгледжаны дэпутатамі на чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў, адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка ў час першага пасяджэння чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання,
Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу на важнасць фарміравання заканадаўчай базы для дасягнення мэт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады. Указаў, што ўпершыню ў праграме замацаваны такі прыярытэт, як умацаванне абараназдольнасці краіны і развіццё абароннага сектара эканомікі. 
Ваенная бяспека
Ігар Сергяенка падкрэсліў, што дэпутацкі корпус пільна сочыць і рэагуе на ваенна-палітычную сітуацыю вакол Беларусі. На трэцяй сесіі прыняты законапраекты па пытаннях ваеннай і пажарнай бяспекі, дзейнасці Камітэта дзяржаўнага кантролю, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, прафілактыкі правапарушэнняў. Чарговым крокам, паводле яго слоў, стане карэкціроўка законаў аб абароне, воінскай службе і грамадзянскай абароне насельніцтва.
Сацыяльная нацэленасць бюджэту
Асаблівая ўвага дэпутатамі ўдзяляецца пакету бюджэтна-падатковых дакументаў на наступны год і іх прапрацоўцы ў складзе міжведамасных рабочых груп. Яны ўвязаны з прагнозам параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі.
«Трэба забяспечыць захаванне сацыяльнай нацэленасці бюджэту, рацыянальнае выкарыстанне сродкаў, узважана падысці да аптымізацыі падатковых ільгот. Больш пільна паглядзець на фінансаванне з бюджэту інвестпраектаў там, дзе ёсць праблемы на рынку працы, а таксама садзейнічаючых глыбокай перапрацоўцы мясцовай сыравіны і імпартазамяшчэнню», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.
Развіццё аграрнага сектара
Прадаўжаючы тэму задач на сесію, спікер указаў, што сур’ёзнае значэнне ў раскрыцці патэнцыялу рэгіёнаў адводзіцца развіццю аграрнага сектара. Харчовая бяспека і нарошчванне экспарту прадукцыі аграпрамысловага комплексу — найважнейшыя складнікі суверэнітэту.
Паводле яго слоў, у такім ключы і трэба ацэньваць сёння законапраекты, якія датычацца тэм жывёлагадоўлі, ветэрынарыі, меліярацыі зямель, рыбаводства. Яны маюць на мэце павысіць эфектыўнасць выкарыстання рэсурсаў, а, значыць, і якасць канечнага прадукту. 
Лічбавы рубель
У якасці актуальнага напрамку Ігар Сергяенка адзначыў лічбавізацыю эканомікі. Паводле яго слоў, прававое суправаджэнне лічбавага рубля выклікае жывую цікавасць як у прафесіяналаў, так і ў звычайных грамадзян. «Тут, вядома, пастаянным камісіям трэба яшчэ раз дэталёва прапрацаваць магчымыя рызыкі для банкаўскай сістэмы, бізнесу і насельніцтва», — сказаў ён.
Абарона працоўных правоў
У цэнтры ўвагі чацвёртай сесіі — абарона чалавека працы. Спікер падкрэсліў, што змяненні ў Працоўны кодэкс — не проста чарговая тэхнічная карэкціроўка, а сур’ёзная задача, паколькі за яго нормамі стаяць мільёны беларусаў, занятых у эканоміцы.
«Людзі мысляць канкрэтна: калі добрасумленна працую, мае працоўныя правы павінны быць надзейна абаронены. Таму неабходна і ў далейшым удасканальваць механізмы падтрымкі, асабліва калі нехта захварэў або ўзніклі праблемы ў сям’і», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Спікер звярнуў увагу на яшчэ адно прынцыповае пытанне — жыццё і здароўе на рабочым месцы. У парадку дня — унясенне паправак у закон «Аб ахове працы». Трэба пераходзіць ад фармальнай фіксацыі парушэнняў або няшчасных выпадкаў да іх прафілактыкі, а таксама строгага выканання патрабаванняў вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны. 
Дэмаграфічная бяспека
У полі зроку дэпутатаў і тэма дэмаграфічнай бяспекі. У прыватнасці, рыхтуецца да ўнясення праект Кодэкса аб ахове здароўя — маштабны заканадаўчы акт, накіраваны на ўзмацненне канстытуцыйнага права грамадзян на ахову здароўя.
Не застануцца без увагі і пытанні сямейнай палітыкі. Чакаецца работа над законам аб дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Тут прынцыпова важна знайсці баланс паміж інтарэсамі бацькоў і магчымасцямі бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, адзначыў спікер.
Ініцыятывы дэпутатаў
Старшыня Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што пералічанае — толькі частка значных праектаў законаў, якія будуць разгледжаны ў развіццё рашэнняў Усебеларускага народнага сходу. Парадак дня сесіі будзе пастаянна папаўняцца — якраз цяпер фарміруецца зацверджаны кіраўніком дзяржавы план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на наступны год. У ім ужо знайшлі адлюстраванне ініцыятывы дэпутатаў па пытаннях барацьбы з карупцыяй, аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку, аб змяненні Кодэкса аб шлюбе і сям’і.
«Гэта прамы вынік вывучэння правапрымяняльнай практыкі ў выбарчых акругах, а таксама аналізу замежнага вопыту. Трэба і далей паслядоўна развіваць гэты напрамак, дзейнічаючы з апорай на ўсебаковую ацэнку прапаноў, што паступаюць», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Прынцыповая задача, паводле яго слоў, — дабівацца якасці і комплекснасці прававога рэгулявання. Даручэнні Прэзідэнта аб устараненні множнасці прававых актаў і забеспячэнні стабільнасці заканадаўства павінны няўхільна выконвацца. 
Абгрунтаванасць прапаноў
«Неабходна бачыць наступствы рашэнняў, якія прымаюцца, разумець, як яны будуць працаваць у маштабах краіны, якая рэакцыя людзей на прапанаваныя навацыі, — прадоўжыў Ігар Сергяенка. — Трэба выключыць падрыхтоўку неактуальных законапраектаў, якія нярэдка вынікаюць з вузкаведамасных інтарэсаў. Празмернае рэгуляванне, залішнія адміністрацыйныя бар’еры толькі бударажаць грамадства і могуць выклікаць справядлівы негатыўны водгук».
У сувязі з гэтым даручыў камісіям, па-першае, яшчэ раз уважліва паглядзець на прапановы дзяржаўных органаў, якія ўключаюцца ў праект штогадовага плана, на прадмет іх абгрунтаванасці і значнасці. Па-другое, прадоўжыць практыку грамадскага абмеркавання законапраектаў у акругах, у працэсе выязных пасяджэнняў і мерапрыемстваў. Гэта надзейны інструмент, які выяўляе слабыя месцы і скрытыя рызыкі прапанаваных новаўвядзенняў. Тым больш што пазітыўны вопыт ёсць. Такі падыход ужо рэалізаваны пры падрыхтоўцы шэрага законаў.
У гэтым жа кантэксце трэба разглядаць і функцыю Палаты прадстаўнікоў па кантролі за рэалізацыяй заключных палажэнняў прынятых законаў, адзначыў спікер. На сённяшні дзень такі кантроль ажыццяўляецца па 25 законах. «Асноўная аналітычная работа тут ускладзена на галаўныя камісіі. Надаць ёй больш сістэмны характар зможам, калі будзем настойліва развіваць пакетны прынцып. У ідэале правілам павінна стаць падрыхтоўка неабходных падзаконных актаў адначасова з праектам закона», — указаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Фота Мікалая Пятрова






