Лукашэнка: дабрабыт пажылых грамадзян застанецца адным з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі Беларусі
1 кастрычніка, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў грамадзян старэйшага пакалення з Днём пажылых людзей. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Гэта свята — добрая нагода нагадаць пра непарыўную сувязь усіх пакаленняў беларусаў як пра важны складнік адзінства народа і дзяржавы», — гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт адзначыў, што ў аснове нацыянальнага культурнага кода беларусаў ляжыць павага да старэйшых. «Вы перажылі нямала ўзрушэнняў, выстаялі ў гады суровых выпрабаванняў, самаадданай працай заклалі трывалы фундамент развіцця сучаснай Беларусі, перадаўшы набыты вопыт моладзі», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У Год беларускай жанчыны словы асаблівай удзячнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў маці і бабулям: «Немагчыма пераацаніць вашу ролю ў захаванні сапраўдных сямейных каштоўнасцей, якія ва ўсе часы былі і, упэўнены, застануцца натхняльным маральным арыенцірам для тых, хто толькі пачынае жыццёвы шлях. Працавітасць, цярпенне, узаемная падтрымка, клопат пра дзяцей і старых, безумоўная бацькоўская любоў і патрыятызм — краевугольныя камяні нашага менталітэту».
Прэзідэнт запэўніў, што дабрабыт пажылых грамадзян краіны і ў далейшым будзе з’яўляцца адным з ключавых прыярытэтаў беларускай сацыяльнай палітыкі.
У гэты святочны дзень Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім людзям старэйшага пакалення моцнага здароўя, невычэрпнага аптымізму і шчасця.





