Юбілейны фестываль «Маладзечна-2026» адкрыецца пад гукі народных інструментаў: праграма мерапрыемстваў
Фота mdk.by 9 чэрвеня, Мінск . Юбілейны, XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2026» адкрыецца пад гукі народных інструментаў — канцэртам «Звон струн і душы». Аб гэтым паведамілі ў аргкамітэце фестывалю.
З 9 па 13 чэрвеня горад Маладзечна расчыніць свае дзверы для ўдзельнікаў і гасцей юбілейнага, XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2026». «Гэты год азнаменаваны не толькі юбілеем фестывалю, але і новымі яркімі ініцыятывамі, прызначанымі пашырыць яго культурны ўплыў і пазнаёміць з беларускім мастацтвам яшчэ больш таленавітых выканаўцаў, гледачоў і гасцей нашай краіны», — паведамілі ў аргкамітэце.
Першыя акорды юбілейнага XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2026» прагучаць 9 чэрвеня і запросяць жыхароў і гасцей культурнай сталіцы Мінскай вобласці на канцэрт народных інструментаў «Звон струн і душы», які пройдзе на Цэнтральнай плошчы горада Маладзечна (пачатак у 19.00).
«Сваю творчасць у гэты вечар прадставіць народны аркестр беларускіх народных інструментаў Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага (мастацкі кіраўнік і дырыжор — лаўрэат І Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, дыпламант Міжнароднага конкурсу «Дні Гармонікі» Ігар Шэлег). У выкананні калектыву прагучаць творы розных стыляў і жанраў, але аб’яднаных вобразна-эмацыянальным зместам і яркасцю музычнага ўвасаблення: «Пралог» беларускага кампазітара Віктара Малых да кінафільма «Шляхціц Завальня», уверцюра да аперэты Ісаака Дунаеўскага «Вольны вецер», «Элегія» кампазітара Юрыя Красавіна з музыкі да кінафільма «Ціхі Дон» і інш», — расказалі ў аргкамітэце.
Абласны фестываль духавой музыкі «Майскі вальс» запросіць знатакоў мастацтва 10 чэрвеня. Ён стане адным з ключавых і відовішчных мерапрыемстваў праграмы юбілейнага фестывалю. Гэта яркая падзея падорыць жыхарам і гасцям горада магчымасць атрымаць асалоду ад майстэрства вядучых духавых калектываў краіны і больш як дзесяць аматарскіх духавых аркестраў Мінскай вобласці. Пачатак мерапрыемства ў 19.00. 
У гэты ж дзень у 17.00 у Мінскім абласным краязнаўчым музеі адбудзецца выстава-прэзентацыя калекцыі музычных інструментаў вядомага беларускага этнографа, кампазітара, пісьменніка, выкладчыка Івана Кірчука «Этнамузыка Беларусі». Сустрэча з наведвальнікамі выставы пройдзе ў фармаце монаспектакля «Дарожка мая…», сцэнарый якога створаны на аснове сабраных аўтарам матэрыялаў беларускага фальклору. Праграма нагадвае рытуальны тэатр — рэканструкцыю аўтэнтычных беларускіх абрадаў, песень і містэрый, якая аб’ядноўвае духоўную культуру продкаў са шматлікімі традыцыйнымі абрадамі. У монаспектаклі прагучаць фрагменты старадаўніх замоў, народныя песні, найгрышы на акарыне, жалейцы, дудзе, ліры. Аўтар збіраў матэрыялы да сцэнарыя на працягу дзесяці гадоў.
У чацвер, 11 чэрвеня, адбудзецца фінал XII адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок-2026». За званне лепшага вакаліста і прыз імя Алега Елісеенкава (упершыню ўручаны ў 2025 годзе) будуць змагацца 17 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў з розных куткоў Беларусі і горада Чарапаўца (РФ). Юныя выканаўцы, якія ў сакавіку бягучага года прайшлі ўжо два адборачныя туры (завочны і вочны) выступяць у суправаджэнні заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга». Ацаніць таленавітых удзельнікаў прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі.
Таксама 11 чэрвеня ў рамках фестывальнай праграмы адбудзецца канцэрт заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага «Ад Агінскага да нашых дзён». Мерапрыемства прымеркавана да 260-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага. Пачатак у 18.30.
Кульмінацыяй фестывальнай праграмы стануць 12 і 13 чэрвеня. У гэтыя дні адбудуцца ўрачыстае адкрыццё музычна-паэтычнага форуму (пачатак у 20.30), а таксама канцэртная праграма «Калі песня збірае сяброў» з удзелам артыстаў беларускай эстрады і вядомых калектываў краіны. Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні пройдзе 13 чэрвеня, у гэты ж дзень адбудзецца цырымонія закрыцця фестывалю, на якой будуць аб’яўлены імёны пераможцы і лаўрэатаў.
«Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі — гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Беларусі, яе новымі тэндэнцыямі і стаць часткай вялікага фестывальнага руху, які аб’ядноўвае сэрцы і душы, якія любяць і берагуць беларускае слова і песню», — адзначылі арганізатары фестывалю. Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны і Маладзечанскі раённы выканаўчыя камітэты, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М.Я. Фінберга», Белтэлерадыёкампанія.






