Турызм, культура і медыясупрацоўніцтва: у Кыргызстане прайшло XXXV пасяджэнне Інфармсавета СНД
Фота прэс-службы Выканкама СНД 31 жніўня, Мінск . Кіраўнікі дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін СНД сабраліся ў Кыргызстане на XXXV пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД (Інфармсавета СНД). Галоўнымі тэмамі сустрэчы сталі развіццё турыстычнай сферы, гуманітарнае супрацоўніцтва і сумесная работа СМІ дзяржаў Садружнасці, паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.
Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што інфармацыйныя агенцтвы могуць адыграць значную ролю ў пашырэнні турыстычнага патэнцыялу краін СНД. Размова ідзе не толькі аб папулярных напрамках, але і аб новых маршрутах, канкрэтных магчымасцях для падарожнікаў і ўмовах адпачынку. «Разнастайнасць форм турызму дае магчымасць задаволіць практычна любыя запыты на прасторах Садружнасці, аднак сарыентавацца і зрабіць патрэбны выбар грамадзянам не заўсёды проста з-за недахопу неабходнай інфармацыі. Высокі попыт і на аб’ектыўную інфармацыю аб новых турыстычных маршрутах, рэальных магчымасцях і ўмовах для адпачынку», — адзначыў старшыня Інфармсавета СНД, генеральны дырэктар ТАСС Андрэй Кандрашоў.
Паводле яго слоў, развіццё ўнутранага турызму важнае не толькі для эканомікі. Падарожжы дапамагаюць людзям лепш даведвацца пра гісторыю, культуру і сучаснае жыццё суседніх дзяржаў, а значыць, садзейнічаюць умацаванню дружалюбных сувязей паміж народамі. Дзяржінфармагенцтвы, лічыць Андрэй Кандрашоў, могуць унесці істотны ўклад у турыстычную асвету аўдыторыі — расказваць аб выдатных мясцінах, маршрутах і магчымасцях адпачынку, выкарыстоўваючы традыцыйныя і сучасныя фарматы. Асаблівую цікавасць уяўляе развіццё сумесных турыстычных маршрутаў. У прыватнасці, удзельнікі пасяджэння абмеркавалі ініцыятыву «Турыстычнае кальцо Цэнтральнай Азіі». На думку кіраўніка ТАСС, у перспектыве ў агульны турыстычны ланцужок могуць быць уключаны і іншыя вядомыя маршруты краін Садружнасці.
Гаворачы аб практычных інструментах пашырэння турызму, удзельнікі сустрэчы адзначылі запатрабаванасць прэс-тураў, тэматычных семінараў, фотавыстаў і спецыяльных медыяпраектаў. Важным напрамкам застаецца і абмен прафесійным вопытам паміж інфармацыйнымі агенцтвамі.
Кыргызстан запрашае на Гульні качэўнікаў
Гаспадары сустрэчы асаблівую ўвагу ўдзялілі маючым адбыцца VI Сусветным гульням качэўнікаў, урачыстае адкрыццё якіх адбудзецца 31 жніўня ў Бішкеку. Генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «Кабар» Медэрбек Шэрметаліеў падкрэсліў, што Гульні з’яўляюцца не толькі вялікай спартыўнай падзеяй, але і важнай культурнай пляцоўкай. «Гульні качэўнікаў — гэта не проста спартыўныя спаборніцтвы. Гэта ўнікальная міжнародная спартыўная і культурная падзея, якая аб’ядноўвае народы розных краін вакол багатай спадчыны качавой цывілізацыі», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, у рамках Гульняў будуць прадстаўлены нацыянальныя традыцыі і культура розных народаў. Пры гэтым спартыўнае саперніцтва становіцца дадатковай магчымасцю для стасункаў і ўзаемнага збліжэння. «На адной пляцоўцы сустракаюцца людзі, якія гавораць на розных мовах, маюць розныя традыцыі і культуру. Але, нягледзячы на адрозненні, іх аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці: павага да гісторыі, сям’і, прыроды, чалавечай годнасці, сумленнага спаборніцтва і госця», — адзначыў Медэрбек Шэрметаліеў.
Удзельнікі пасяджэння змаглі ўбачыць падрыхтоўку Кыргызстана да правядзення Гульняў качэўнікаў. Яны наведалі аб’екты спаборніцтваў у Чалпон-Аце на беразе возера Ісык-Куль, якія на працягу тыдня будуць прымаць спартсменаў, балельшчыкаў і турыстаў амаль са 100 краін.
Для кіраўнікоў інфармагенцтваў паездка стала яшчэ адной магчымасцю ацаніць турыстычны патэнцыял Кыргызстана і ў цэлым краін СНД. Маляўнічая прырода, культурная спадчына і сучасныя спартыўныя аб’екты ў гэтыя дні аб’ядноўваюцца ў адну вялікую міжнародную пляцоўку. І менавіта СМІ трэба будзе расказаць пра яе шырокай аўдыторыі.
Ад турызму — да новых медыяпраектаў
Гуманітарны складнік стаў яшчэ адным важным напрамкам сустрэчы. Паводле слоў Мэдэрбека Шэрметаліева, рэгулярныя сустрэчы кіраўнікоў інфармагенцтваў даюць магчымасць не толькі абменьвацца прафесійным вопытам, але і знаходзіць новыя напрамкі сумеснай работы. «Наша агульная задача — садзейнічаць развіццю сувязей паміж нашымі краінамі, у тым ліку гуманітарных», — адзначыў кіраўнік «Кабара».
Удзельнікі пасяджэння таксама падтрымалі практыку правядзення ў ТАСС адукацыйных семінараў для журналістаў і фотакарэспандэнтаў з краін СНД. Сярод тэм — штучны інтэлект, сучасныя медыятэхналогіі і інфармацыйная бяспека. Асобную ўвагу бакі маюць намер удзяліць пашырэнню супрацоўніцтва па турыстычнай тэматыцы, у тым ліку з выкарыстаннем сайта АНІА.
Такім чынам, XXXV пасяджэнне Інфармсавета СНД стала пляцоўкай не толькі для абмеркавання актуальных задач інфармацыйнай галіны, але і для пошуку новых форм узаемадзеяння. Турызм, культура, сучасныя медыятэхналогіі і гуманітарныя сувязі ўсё больш становяцца напрамкамі, дзе сумесная работа СМІ можа прыносіць практычны вынік.
Інфармсавет СНД створаны ў 1995 годзе. Яго ўзначальвае генеральны дырэктар ТАСС Андрэй Кандрашоў. У склад Савета ўваходзяць кіраўнікі дзяржаўных службаў навін Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі і Таджыкістана. У пасяджэннях таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі кіраўніцтва дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў Узбекістана і Туркменістана, а таксама Выканаўчага камітэта СНД. Асноўныя задачы Інфармсавета — развіццё ўзаемадзеяння дзяржаў Садружнасці ў інфармацыйнай сферы, стварэнне ўмоў для эфектыўнага распаўсюджвання інфармацыі і абмену прафесійным вопытам, а таксама ўмацаванне медыяпартнёрства паміж краінамі СНД.




