Супрацоўніцтва Беларусі і М’янмы развіваецца на аснове ўзаемнага даверу — Мін Аун Хлайн
Мін Аун Хлайн 20 жніўня, Мінск . Супрацоўніцтва Беларусі і М’янмы развіваецца на аснове ўзаемнага даверу. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт М’янмы Мін Аун Хлайн у час Беларуска-м’янманскага бізнес-форуму ў Мінску,
«Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, Беларусь і М’янма — дружалюбныя краіны, паміж намі ёсць узаемаразуменне і давер. Дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены ў верасні 1999 года. За гэты час двухбаковыя адносіны прыкметна палепшыліся і дасягнулі самага высокага ўзроўню. Важнай вяхой з’яўляецца адкрыццё пасольства М’янмы ў Мінску. Хацеў бы выказаць асаблівую удзячнасць Беларусі за нязменную падтрымку і дапамогу М’янме. У перыяд абвастрэння глабальных геапалітычных і геаэканамічных выклікаў двухбаковыя адносіны ўмацоўваюцца на аснове ўзаемнага даверу. Мы цвёрда маем намер дабівацца далейшага прагрэсу. Настаў час стратэгічна развіваць і ўмацоўваць эканамічнае супрацоўніцтва, абапіраючыся на добрую гісторыю дружбы паміж нашымі краінамі», — сказаў Мін Аун Хлайн.
Ён падкрэсліў, што сённяшні форум дае магчымасць для далейшага ўмацавання ўзаемадзеяння ў эканамічнай, інвестыцыйнай і гандлёвай сферах. Распрацоўка сумесных праектаў, урэгуляванне эканамічных і гандлёвых бар’ераў будуць садзейнічаць больш эфектыўнаму развіццю двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва.
Мін Аун Хлайн зрабіў акцэнт на ўзаемадзеянні ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці (пастаўкі трактароў і тэхнікі МАЗ), фармацэўтыцы, адукацыі (вучоба м’янманскіх студэнтаў у Беларусі) і інвестыцыйным супрацоўніцтве.
У час форуму прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын і Прэзідэнт М’янмы азнаёміліся з экспазіцыяй м’янманскай прадукцыі. Прадстаўлена шырокая гама тавараў народнага спажывання, харчавання. Асаблівая ўвага была ўдзелена магчымасці паставак м’янманскай кавы і гарбаты ў Беларусь.


Беларуска-м’янманскі бізнес-форум праходзіць сёння ў Мінску. У складзе м’янманскай дэлегацыі — кіраўнікі і прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў і фінансавых інстытутаў краіны па такіх напрамках, як банкаўская дзейнасць і фінансавыя паслугі, аптовы і рознічны гандаль, лагістыка, харчовая прамысловасць, тэкстыльная прамысловасць, будаўніцтва і горназдабыўная галіна, інфармацыйныя тэхналогіі. Асаблівую цікавасць м’янманскі бок праяўляе да беларускіх прадпрыемстваў машынабудаўнічага комплексу. У прыватнасці, да вытворцаў трактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама да паставак фармацэўтычнай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Бакі таксама зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў галіне прамысловай кааперацыі, лагістыкі і тэкстыльнай прамысловасці. У праграме бізнес-форуму прэзентацыі кампаній, падпісанне камерцыйных дакументаў і B2B-перагаворы. Як чакаецца, у B2B-сесіі прымуць удзел больш як 150 прадстаўнікоў айчынных прадпрыемстваў.
Фота Віталя Піваварчыка






