Сумесныя прадпрыемствы, турызм і інвестыцыі. Развіццё супрацоўніцтва з Турцыяй абмеркавалі ў Савеце Рэспублікі
3 чэрвеня, Мінск . У Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча з дэлегацыяй турэцкіх дзелавых колаў,
«Нашы краіны і народы звязваюць добрыя, дружалюбныя адносіны, нягледзячы на адлегласць, розныя культуры, — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў сваім прывітальным слове. — Але мы сапраўды дружныя ў многім дзякуючы той палітыцы, якую праводзяць прэзідэнты нашых краін, паміж якімі склаўся даверны дыялог, што дало магчымасць краінам выбудаваць стратэгічнае партнёрства. Каля 350 тыс. беларусаў наведалі Турцыю ў мінулым годзе. Статыстыка ў адваротным напрамку некалькі іншая, але мы будзем працаваць над гэтым пытаннем. Для гэта ёсць усё — перш за ўсё дагаворна-прававая база. Сёння больш за 40 дагавораў і пагадненняў паміж нашымі краінамі па ўсіх напрамках. Больш таго, у ліпені мы будзем адзначаць 30-годдзе падпісання дагавора аб дружбе і супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі. Наш тавараабарот перавысіў планку ў памеры мільярд долараў, але гэта не канец».

Па выніках сустрэчы старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік расказаў журналістам, што бакі ўдзялілі прыярытэтную ўвагу пытанням гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Турцыя ўваходзіць у дзясятку буйнейшых гандлёвых партнёраў нашай краіны. У нас вельмі добрая дынаміка росту тавараабароту. За першы квартал бягучага года тавараабарот вырас яшчэ на 15 працэнтаў, а ў частцы беларускага экспарту — на крыху больш чым 7 працэнтаў. Такія сустрэчы з дзелавымі коламі Турцыі, саветам дзелавога супрацоўніцтва, які існуе ўжо на працягу многіх гадоў, даюць нам магчымасць знаходзіць новыя кропкі росту для супрацоўніцтва паміж нашамі краінамі», — расказаў Сяргей Алейнік.
Ён выказаў упэўненасць у тым, што прыезд турэцкай дэлегацыі дасць магчымасць выйсці на новыя дамоўленасці як у частцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва (перш за ўсё ў прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, лёгкай прамысловасці і іншых сферах), а таксама знайсці новыя агульныя інтарэсы ў плане інвестыцыйнага супрацоўніцтва, стварэння сумесных вытворчасцей. «У нас у краіне сёння працуе 147 кампаній з турэцкім капіталам. На тэрыторыі Турцыі дзейнічае 117 кампаній з беларускім капіталам. Гэта і асобныя, і сумесныя прадпрыемствы. Мы сёння абмяркоўвалі перспектывы развіцця турызму, намецілі канкрэтныя крокі ў напрамку павелічэння турпатоку як у Беларусь, так і ў Турцыю. Мы гаварылі і аб развіцці міжрэгіянальных сувязей паміж нашымі краінамі. Савет Рэспублікі ўдзяляе гэтаму прыярытэтную ўвагу. У нас падпісана сем пагадненняў аб пабрацімстве паміж рэгіёнамі Беларусі і Турцыі. У прапрацоўцы знаходзяцца яшчэ тры. З улікам таго, што ў Турцыі 81 правінцыя, зразумела, патэнцыял міжрэгіянальнага супрацоўніцтва вялікі», — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі. 
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Турцыі ў Беларусі Гючлю Джэм Ышык адзначыў, што турэцкая дэлегацыя прыбыла ў Беларусь для наведвання міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2026». «Эканамічныя адносіны займаюць важную долю ў спектры пытанняў, па якіх супрацоўнічаюць нашы краіны. Хаця дэлегацыя турэцкіх дзелавых колаў прыбыла для таго, каб наведаць выстаўку «Белагра», будуць таксама вывучацца пытанні існуючых і патэнцыяльна цікавых для бакоў напрамкаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. На гэтай сустрэчы мы падкрэслілі наш падыход, згодна з якім Турцыя разглядае Беларусь не ў якасці рынку для сваёй прадукцыі, а размова ішла аб тым, што мы гатовы закупляць беларускія тавары, рады пастаўкам турэцкіх тавараў у Беларусь і гатовы да сумеснай вытворчасці прадукцыі для пастаўкі на рынкі трэціх краін», — адзначыў Гючлю Джэм Ышык.
Фота Хрысціны Аксёнавай






