Беларусь пачала экспартаваць ячмень праз біржу
фота з архіва 24 верасня, Мінск . Першая біржавая здзелка па рэалізацыі кармавога ячменю на экспарт заключана на Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
Прадаўцом выступіў айчынны вытворца кармоў і кармавых дабавак, а пакупніком — расійская кампанія, якая спецыялізуецца на аптовым гандлі збожжам, насеннем і кармамі для жывёл. Аб’ём біржавога кантракта склаў 6 тыс. т на суму $734 тыс. у эквіваленце. Гэта здзелка стала не толькі першым вопытам продажу ячменю за мяжу праз біржавую пляцоўку, але і буйнейшай здзелкай у рамках новага, арыентаванага на знешнія рынкі, напрамку біржавых таргоў.
«Рэгулярныя гандлёвыя сесіі па продажы збожжавых, круп і мукі на экспарт праводзяцца з мая бягучага года з мэтай пашырэння наменклатуры тавараў, якія пастаўляюцца за мяжу з прымяненнем біржавога механізму. Сёння на таргах рэалізуецца пшанічная і жытняя мука, грэчка, проса і ячмень. У якасці прадаўцоў у гандлёвых сесіях удзельнічаюць вядучыя айчынныя вытворцы названай прадукцыі. Што датычыцца пакупнікоў,то ў асноўным гэта кампаніі-рэзідэнты Расійскай Федэрацыі — пераважна з Маскоўскай, Ленінградскай і Смаленскай абласцей. Гэты напрамак біржавых таргоў яшчэ даволі малады, таму аб’ёмы продажаў пакуль невялікія, а кола пастаянных пакупнікоў толькі пачало фарміравацца. Разам з тым паказчык экспартных продажаў за верасень ужо ў чатыры з палавінай разы перавысіў вынікі папярэдніх чатырох месяцаў. Так што перспектывы развіцця вельмі шырокія: гэта і дадатковыя таварныя пазіцыі, і новыя рынкі збыту, і павелічэнне колькасці ўдзельнікаў», — расказалі ў прэс-службе БУТБ.
Па выніках васьмі месяцаў 2026 года біржавы экспарт прадукцыі аграпрамысловага комплексу вырас у 1,4 раза, да $1,2 млрд. Найбольшыя сумы здзелак прыпалі на сухое малако, сметанковае масла, мясапрадукты і льняное валакно.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.




