Сталі вядомы пераможцы конкурсу «Урач года»
19 чэрвеня, Мінск . Пераможцаў конкурсу «Урач года Рэспублікі Беларусь — 2025» назвалі сёння ў час урачыстай цырымоніі ўшаноўвання ў Палацы Рэспублікі, прысвечанай Дню медыцынскіх работнікаў, 




У намінацыі «Урач — акушэр-гінеколаг» пераможцам конкурсу стала ўрач — акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі паліклінічнага аддзялення Мсціслаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Ірына Самуйлава.


У намінацыі «Урач-тэрапеўт» лепшай прызнана ўрач-кардыёлаг, загадчыца кардыялагічнага аддзялення Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы Іна Шульжык.
Пераможцам конкурсу ў намінацыі «Урач-педыятр» стала ўрач-педыятр, загадчыца педыятрычнага аддзялення для нованароджаных Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Вольга Целяховіч.
У намінацыі «Урач-хірург» перамогу атрымаў намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай дапамозе Мінскай абласной клінічнай бальніцы Ягор Баравік.

Лепшым урачом агульнай практыкі стала ўрач агульнай практыкі, загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі нумар 1 філіяла нумар 4 гарадской паліклінікі нумар 4 імя У.І.Леніна Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Наталля Дзячкова.
У Палацы Рэспублікі з нагоды маючага адбыцца прафесійнага свята сабраліся больш за 2,6 тыс. медыцынскіх работнікаў з усіх куткоў Беларусі. Многія з іх сёння атрымалі высокія ўзнагароды. Словы віншавання ім адрасаваў, у прыватнасці, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.

Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, выступаючы са сцэны, звярнуў увагу на кардынальныя станоўчыя змяненні, якія зведала сістэма аховы здароўя за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.
«Мы помнім 90-я гады, калі не хапала або не было сучасных лякарстваў, калі медыцынскае абсталяванне не адпавядала той дапамозе, якая патрэбна была для нашых грамадзян, — сказаў ён. — Сёння практычна штогод мы адкрываем новыя паліклінікі, узводзім сучасныя цудоўныя клінікі будучыні. Гэта адбываецца як на мясцовым, так і рэспубліканскім узроўнях».
Таксама міністр падкрэсліў важнасць выканання тых прынцыпаў, якія закладваліся ў будучых медработнікаў яшчэ ў час вучобы, а гэта не толькі непасрэдна прафесіяналізм, але і гуманістычны пачатак, павага да бліжняга, дабрыня, клопат, эмпатыя. Міністр выказаў перакананасць, што кожны работнік сістэмы аховы здароўя мае гэтыя якасці. «Важнай тэмай з’яўляецца самаахвяраванне работнікаў сістэмы аховы здароўя ў востры, неабходны момант часу. Кожны з вас валодае гэтай якасцю», — адзначыў Аляксандр Хаджаеў, выказаўшы за гэта словы падзякі.











Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла адрасаваў добрыя словы ветэранам сістэмы аховы здароўя, без якіх, упэўнены ён, не было б цяперашняга яе стану. Таксама падзякаваў маладым спецыялістам, за якімі будучыня галіны.








Фота Мікалая Пятрова






