Смольскія выйгралі мас-старты на чэмпіянаце Беларусі па летнім біятлоне
24 верасня, Мінск . На базе РЦАП па зімовых відах спорту «Раўбічы» вызначыліся ўсе пераможцы і прызёры чэмпіянату і першынства Беларусі па біятлоне на лыжаролерах,
Праграму спаборніцтваў завяршылі гонкі з масавым стартам. Лепшы рэзультат у мужчын паказаў Антон Смольскі — на чатырох агнявых рубяжах лідар зборнай памыліўся ўсяго аднойчы і на фінішы абышоў Дзмітрыя Лазоўскага на 21 секунду. Бронзу з мінутным адставаннем узяў Мікіта Лобастаў. На дзень раней Антон атрымаў перамогу ў спрынце.
У жаночым мас-старце першай фінішавала Дзінара Смольская. Нягледзячы на тры штрафныя кругі, алімпійская чэмпіёнка больш чым на мінуту апярэдзіла Аліну Зайцаву, якая стала другой. Тройку прызёраў замкнула Алена Кулак. Пераможца ўчарашняга спрынту Ксенія Варабей удзел у гонцы не прымала.
Таксама 24 верасня ў «Раўбічах» былі разыграны медалі ў мас-стартах у юніёраў і юніёрак. Пераможцамі нацыянальнага першынства ў гэтым відзе праграмы сталі Максім Буйніцкі і Святлана Піскун.
Фота Дзяніса Касцючэнкі





