Эканоміка

Смаленскія кампаніі падвоілі аб’ёмы закупак беларускай сельгаспрадукцыі на БУТБ 

Фота БУТБ 5 чэрвеня, Мінск . Смаленскія ўдзельнікі біржавых таргоў за студзень — май 2026 года набылі беларускую прадукцыю аграпрамысловага комплексу (АПК) на Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) на агульную суму $97,2 млн, што ў 2,3 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2025 года. На малочную прадукцыю прыпала 86 працэнтаў усяго аб’ёму здзелак у вартасным выражэнні, паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

У выніку Смаленская вобласць заняла другое месца сярод усіх рэгіёнаў Расіі па закупках сельгаспрадукцыі на БУТБ, уступіўшы па гэтым паказчыку толькі Маскве і Маскоўскай вобласці. Такімі данымі падзяліўся начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці (ЗЭД) БУТБ Яраслаў Кавальчук у час семінара для вытворцаў і дыстрыб’ютараў сельскагаспадарчай прадукцыі, тэхнікі і абсталявання са Смаленскай вобласці. Мерапрыемства было арганізавана Гандлёвым прадстаўніцтвам Расійскай Федэрацыі ў Беларусі.

«У сегменце АПК самай запатрабаванай таварнай пазіцыяй у смаленскіх пакупнікоў на сёння з’яўляецца сметанковае масла. Яго ўдзельная вага ў агульным аб’ёме імпарту сельгаставараў у Смаленскую вобласць перавышае 63 працэнты. Пры гэтым попыт знаходзіцца на высокім узроўні. У параўнанні са студзенем — маем мінулага года продажы гэтай прадукцыі выраслі амаль у чатыры разы ў натуральным выражэнні — да 8,6 тыс. т», — расказаў прадстаўнік БУТБ.

Акрамя сметанковага масла, у бягучым годзе ў Смаленскую вобласць таксама актыўна пастаўлялася сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, сычужныя сыры, сухая сумесь для марожанага, ялавічына і ялавічныя субпрадукты, ільняное валакно і льняныя ачоскі, насенне лёну-даўгунцу, нявырабленыя шкуркі норкі.

Разам з тым, паводле слоў Яраслава Кавальчука, патэнцыял біржавой платформы рэалізуецца не ў поўнай меры — асабліва ў частцы продажаў прадукцыі смаленскіх прадпрыемстваў. Таму перспектыўным пунктам росту біржавога тавараабароту са Смаленскай вобласцю могуць стаць пастаўкі ў Беларусь харчовай сыравіны, збожжа, насення і шроту алейных культур.

«Біржа дапаможа пабудаваць «электронны мост» паміж смаленскімі вытворцамі і беларускімі спажыўцамі, забяспечыўшы спрыяльныя ўмовы для заключэння экспартна-імпартных здзелак без лішніх пасрэдніцкіх звёнаў. Такі фармат работы будзе выгадны абодвум бакам і ў першую чаргу прадстаўнікам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якім не давядзецца траціць час і рэсурсы на стварэнне ўласнай тавараправоднай сеткі», — падкрэсліў начальнік упраўлення ЗЭД біржы.

Цяпер на БУТБ акрэдытаваны 655 суб’ектаў гаспадарання Смаленскай вобласці. Гэта на 20 кампаній больш, чым у пачатку года.

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»