«Выдатныя машыны». Прэзідэнт Ганы ацаніў патэнцыял беларускай сельгастэхнікі на «Белагра»
5 чэрвеня, Мінск . Прэзідэнт Ганы Джон Драмані Махама ацаніў беларускую сельгастэхніку на выстаўцы «Белагра» і выказаў надзею, што яна хутка з’явіцца на палях афрыканскай краіны,
Галоўнай мэтай візіту высокага госця стала азнаямленне з патэнцыялам беларускага машынабудавання і харчовай прамысловасці. Экспазіцыю прэзідэнт Ганы агледзеў у суправаджэнні намесніка прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча.
Знаёмства з выстаўкай пачалося з вулічнай экспазіцыі. Джон Драмані Махама дэталёва вывучыў лінейку Мінскага трактарнага завода, адзначыўшы зручнасць і эрганамічнасць машын, а таксама праявіў асаблівы інтарэс да тэхнікі для ўнясення ўгнаенняў «Бабруйскаграмаш» і іншых флагманаў айчыннай і замежнай прамысловасці.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў высокую якасць беларускай тэхнікі і выказаў упэўненасць у далейшым плённым развіцці двухбаковых адносін.
Паводле слоў прэзідэнта Ганы, сельская гаспадарка ў яго краіне перажывае трансфармацыю, становячыся ўсё больш механізаванай. «Традыцыйнае ручное працаёмкае земляробства адыходзіць у мінулае. Таму нам неабходна стварыць цэнтры абслугоўвання фермераў, куды аграрыі маглі б прыходзіць і карыстацца паслугамі спецыялізаванай тэхнікі. Фермерам не абавязкова валодаць уласнымі машынамі: калі ім спатрэбіцца апрацоўка поля трактарам або ўборка ўраджаю камбайнам, яны могуць звярнуцца ў такі цэнтр», — растлумачыў Джон Драмані Махама.
Цяпер яго краіна актыўна шукае адпаведнае абсталяванне для такіх цэнтраў, і ён уражаны ўбачаным на «Белагра». Пры гэтым кіраўнік Ганы абазначыў ключавую ўмову для будучых закупак: «Гэта выдатныя машыны. Аднак для нас крытычна важна забяспечыць бездакорнае пасляпродажнае абслугоўванне і тэхнічную падтрымку. Спадзяюся, мы зможам набыць нешта з гэтага для нашых фермераў».
Пасля агляду агратэхнікі праграма прадоўжылася дэгустацыяй прадуктаў беларускай харчовай прамысловасці. Высокі госць паспытаў мясцовыя сыры, марожанае і мясную прадукцыю, атрымаўшы на памяць невялікія падарункі ад айчынных вытворцаў. Фінальнай кропкай маршруту стаў агляд самага вялікага ў свеце кар’ернага самазвала — БЕЛАЗа-75710.
Міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў выказаў упэўненасць у хуткім пачатку практычнага супрацоўніцтва з афрыканскай рэспублікай.
«Мы ўпэўнены, што ўжо ў гэтым годзе пачнуцца першыя пастаўкі нашай тэхнікі ў Рэспубліку Гана. Мы заўсёды пастаўляем свае машыны, забяспечваючы як сэрвіснае, так і гарантыйнае абслугоўванне, вучым спецыялістаў і ствараем склады запасных частак. Гэта значыць прапануем не проста тэхніку, а комплекс паслуг», — падкрэсліў міністр.
Фота Сяргея Шэлега






