Што захоўваюць асабістыя пісьмы Ажэшка і Багушэвіча, расказалі ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры
Фота з архіва 6 чэрвеня, Мінск . Пра сяброўства Элізы Ажэшка і Францішка Багушэвіча і захаваныя экспанаты, якія сведчаць аб іх цёплых адносінах, расказала вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку, навуковай апрацоўкі і захоўвання фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Таццяна Васільева.
У гродзенскім філіяле — Музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча «Кушляны» — захоўваюцца прыжыццёвыя кнігі Элізы Ажэшка «Сям’я Брохвічаў» і «З жыцця рэаліста». Але гэтым фонды не абмяжоўваюцца. Сяброўства двух аўтараў падкрэсліваецца яшчэ адной знаходкай даследчыкаў — копіямі пісем.
«Сам Францішак не раз быў госцем гродзенскага дома пісьменніцы, яны сябравалі і шмат перапісваліся. Менавіта Элізе Ажэшка, як прызнанаму аўтару, чытаў ён свае творы, і, што вельмі верагодна, менавіта яна матывавала Багушэвіча пісаць на беларускай мове, падбадзёрвала яго. У навукова-дапаможным фондзе музея захоўваюцца копіі пісем ад Багушэвіча да Ажэшка, у якіх яны абменьваліся навінамі культурнага жыцця, цікавіліся здароўем агульных знаёмых і дзяліліся падрабязнасцямі сустрэч з імі. Сама Эліза Ажэшка высока ацэньвала пісьменніцкі талент Багушэвіча, блізка была знаёма не толькі з Францішкам, але і яго дачкой Туняй, якая цудоўна іграла на музычных інструментах і спявала ў доме сяброўкі бацькі», — расказала Таццяна Васільева.
Паводле слоў супрацоўнікаў музея, магчыма, у свой час пісьменнікаў пазнаёміў вядомы лінгвіст Ян Карловіч. Пасля першай сустрэчы з Багушэвічам Эліза Ажэшка адправіла «пасрэдніку» пісьмо, у якім адзначыла, што прыемна правяла некалькі гадзін і атрымала копію аднаго з твораў субяседніка, а ў яго творах убачыла асобую прывабную сілу.
Пра глыбокую ўзаемную сімпатыю сведчыць верш-прысвячэнне Багушэвіча для Ажэшка пад назвай «Яснавяльможнай пані Арэшчысе», у якім ад імя беларускага народа простай мовай ён выказаў шчырую ўдзячнасць за тое, што аўтар зазірнула ў дом беларуса і ўбачыла там чалавека, якім часта пагарджалі, працягнула яму руку і адлюстравала на паперы тугу яго душы.
Сёння ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры захоўваецца некалькі прыжыццёвых выданняў Элізы Ажэшка: сатырычны раман «Паны Пампалінскія» 1885 і 1886 гадоў выдання, кніга «Творы» 1899 года, «Падчас следства. Навэлы» 1900 года і «Гэдалі» 1907 года — першая яе кніга, перакладзеная на беларускую мову.






