Сергяенка: застаёмся непрыступным бастыёнам у барацьбе за захаванне сапраўднай памяці аб ВАВ
22 чэрвеня, Брэст . Беларусь і Расія застаюцца непрыступным бастыёнам у барацьбе за захаванне сапраўднай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, заявіў першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергяенка ў Брэсце пасля пленарнага пасяджэння II Міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня»,
«Сёння таксама, як шматнацыянальны гарнізон мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, мы застаёмся непрыступным бастыёнам у барацьбе за захаванне сапраўднай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і яе сусветна-гістарычным значэнні», — сказаў Ігар Сергяенка.
Спікер выказаў упэўненасць, што міжнародны форум стане важным крокам ва ўмацаванні духоўна-маральных асноў супрацоўніцтва ў імя захавання міру на планеце.
«Мы расцэньваем факт правядзення форуму на нашай зямлі як даніну павагі гераізму беларускага народа, праяўленаму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і прызнанне ўкладу Рэспублікі Беларусь, перш за ўсё яе Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у забеспячэнне бяспекі ў рэгіёне ў такі няпросты для ўсяго свету час», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі заявіў, што зацікаўлены дыялог парламентарыяў, грамадскіх дзеячаў, вучоных, даследчыкаў, прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці, лідараў меркаванняў з розных краін пацвердзіў, што фармат узаемадзеяння па пытаннях абароны гістарычнай памяці, прапанаваны два гады таму Парламенцкім сходам Саюза Беларусі і Расіі, запатрабаваны.
«Адбыўся ўнікальны абмен меркаваннямі і вопытам», — звярнуў ён увагу.
Паводле слоў Ігара Сергяенкі, вельмі змястоўна і рэзультатыўна прайшла акадэмічная частка форуму. Усе ўдзельнікі тэматычных секцый адзначылі шырокі дыяпазон закранутых у дакладах тэм, глыбіню асэнсавання разглядаемай праблематыкі.
Спікер Палаты прадстаўнікоў лічыць, што агучаная інфармацыя пашырыла рамкі ўяўленняў аб тых далёкіх падзеях, пацвердзіўшы значнасць міжнародных намаганняў, накіраваных на захаванне традыцыйных каштоўнасцей, барацьбу з фальсіфікацыяй гісторыі, процістаянне ідэалогіі рэваншызму, расавай перавагі і ксенафобіі.
«Удзельнікі форуму адзіныя ў меркаванні, і гэта сёння таксама прагучала, што спробы стварыць ідэальны свет для жменькі выбраных за кошт ушчамлення правоў і законных інтарэсаў астатніх народаў вельмі дорага абыходзяцца чалавецтву», — сказаў Ігар Сергяенка.
Як падкрэслівалася ў шэрагу выступленняў на секцыях форуму, адраджэнне нацызму стала магчымым у тым ліку з-за ўпартага замоўчвання ў заходняй гістарыяграфіі фактаў злачынстваў фашыстаў супраць чалавечнасці, рэабілітацыі нацысцкіх злачынцаў і ўкаранення ў грамадскую свядомасць многіх еўрапейцаў, што ад комплексу гістарычнай віны за развязванне Другой сусветнай вайны пара вызваліцца.
Адказам на такую практыку стала прыняцце на праведзенай 21 чэрвеня 70-й сесіі Парламенцкага сходу заявы «Аб генацыдзе савецкага народа ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў», якая будзе даведзена да ведама міжнароднай парламенцкай супольнасці.
Ігар Сергяенка выказаў прапанову парламентарыям дружалюбных краін далучыцца да гэтай ініцыятывы. Ён лічыць, што гэта будзе садзейнічаць падтрыманню прынцыпаў міжнароднага права, замацаваных у Статуце ААН, і пазбаўленню сучаснага нацызму яго ідэйнай асновы.
Паводле слоў спікера, абазначаныя мэты могуць быць рэалізаваны толькі ў тым выпадку, калі будзе забяспечана з’яднанасць паміж пакаленнямі. У гэтым сэнсе з пазітыўнага боку трэба адзначыць правядзенне чарговага пасяджэння Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, з якога і стартаваў форум.
«На фоне спроб Захаду перапісаць гісторыю наша моладзь павінна стаць галоўным правадніком гістарычнай праўды, — адзначыў Ігар Сергяенка. — І тое, што маладыя людзі гатовы браць на сябе персанальную адказнасць у гэтай справе, натхняе і ўсяляе надзею: эстафета пакалення пераможцаў — у надзейных руках».
Па выніках абагульнення матэрыялаў, прадстаўленых на форуме, будзе выдадзены зборнік дакладаў і апублікаваны на інфармацыйных рэсурсах Парламенцкага сходу, заканадаўчых органаў Беларусі і Расіі.
Фота Андрэя Сіняўскага






