Рыжанкоў: Беларусь і Расія павінны ствараць сваё ПЗ і развіваць агульныя вытворчасці
Фота з архіва 2 кастрычніка, Мінск . Беларусь і Расія павінны ствараць сваё ПЗ і развіваць агульныя вытворчасці. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў у інтэрв’ю ТАСС, тэкст якога апублікаваны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства, .
Міністр адзначыў, што на прыкладзе санкцый Беларусь і Расія ўбачылі, наколькі каварнымі могуць быць іншыя партнёры. Гэтыя краіны здольны не проста забараніць пастаўкі сваёй тэхнікі ў нейкі момант, але і поўнасцю выключыць праграмнае забеспячэнне. Прычым нават у самых адчувальных і важных для насельніцтва сферах: ахове здароўя, адукацыі, рабоце камунальных службаў і бяспекі на крытычна важных аб’ектах.
Гэта, падкрэсліў Максім Рыжанкоў, можа прывесці да вельмі сур’ёзных катастроф і наступстваў. «Захад гэта выкарыстоўвае як пэўны інструмент аказання на нас націску, таму самы лепшы варыянт — займацца стварэннем свайго праграмнага забеспячэння з тым, каб быць незалежнымі і забяспечваць сваю тэхналагічную бяспеку», — заявіў кіраўнік МЗС.
У якасці прыкладу ён прывёў работу расійскай аэракасмічнай кампаніі «Бюро 1440» па стварэнні ўласнай спадарожнікавай сістэмы сувязі: «Гэта цікавы праект, таму што ён дасць магчымасць нам таксама як саюзнікам Расіі выкарыстоўваць агульную камунікацыйную прастору, праз космас задзейнічаць яе для вырашэння любых пытанняў адносін».
Міністр таксама заявіў, што хацеў бы бачыць больш актыўнае ўзаемадзеянне Мінска і Масквы па пытанні стварэння новых вытворчасцей. «Калі мы гаворым, што мы бліжэйшыя саюзнікі, паплечнікі, то мы павінны рабіць усё для таго, каб кожны з бакоў быў мацней. Калі ёсць нейкія кампетэнцыі, наладжаныя сувязі, нейкая вытворчасць і тавар, які ўжо на сёння характарызуецца вельмі высокай якасцю, добрай цаной, то, напэўна, не трэба ствараць дубліруючую вытворчасць з якімі-небудзь партнёрамі, якія далей за акіянам або яшчэ недзе», — сказаў беларускі дыпламат.
Ён падкрэсліў, што ўзаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай галіне прызначана павялічваць моц кожнага боку ў Саюзнай дзяржаве. «Калі мы пачынаем спрабаваць зрабіць толькі ўсё сваё, па-першае, мы можам не выцягнуць такія праекты, а па-другое, мы забываем, што падрываем пэўныя эканамічныя пытанні адзін аднаго, а павінна быць наадварот», — дадаў Максім Рыжанкоў.






