Грамадства

Правілы разліку і выплат бальнічных нагадалі ў Мінпрацы

Фота з архіва 26 кастрычніка, Мінск . Асноўныя правілы выплат бальнічных для работнікаў па працоўных дагаворах нагадалі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Памер бальнічных залежыць ад сярэднядзённага заработку, працягласці выплаты ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і колькасці каляндарных дзён бальнічнага. Таксама ўлічваюцца прычына непрацаздольнасці і права на льготы.

Пры стажы выплаты ўзносаў 10 гадоў і больш выплачваюць 100% сярэднядзённага заработку з першага дня хваробы, пры стажы менш як 10 гадоў — 80% за ўвесь перыяд хваробы. Але ёсць і шэраг выключэнняў, напрыклад, бальнічны па доглядзе хворага дзіцяці да 14 гадоў, дапамога па цяжарнасці і родах аплачваюцца ў памеры 100% незалежна ад перыяду выплаты ўзносаў. Для асобных ільготных катэгорый таксама прадугледжана аплата 100%. Пры разліку ўлічваецца агульны працоўны або стаж з выплатай узносаў у ФСАН. Падсумоўваюцца перыяды ў розных наймальнікаў. З 2026 года ўлічваюцца таксама перыяды ваеннай і іншай прадугледжанай заканадаўствам службы, адлюстраваныя ў сістэме персаніфікаванага ўліку.

Пры разліку заработак бяруць за 18 каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць кварталу, у якім пачаўся бальнічны. Напрыклад, калі работнік захварэў у кастрычніку 2026 года, то разліковы перыяд — з 1 красавіка 2025 года да 30 верасня 2026 года. Улічваюцца выплаты ва ўсіх наймальнікаў за гэты перыяд, уключаючы ранейшых і работу па сумяшчальніцтве. Прэміі ўваходзяць у разлік, калі на іх налічваюцца ўзносы на сацыяльнае страхаванне.

Мінімальны памер бальнічных разлічваюць зыходзячы з мінімальнай заработнай платы за месяц перад месяцам пачатку бальнічнага. Права на такі разлік вызначаецца ў залежнасці ад стаўкі, на якую прыняты работнік. Таму аднолькавай мінімальнай сумы для ўсіх няма. Максімум за поўны каляндарны месяц — тры сярэднія зарплаты па краіне за месяц, які папярэднічаў пачатку бальнічнага. За частку месяца максімальны і мінімальны памер вызначаюць прапарцыянальна каляндарным дням непрацаздольнасці. Дапамога назначаецца за каляндарныя дні, засведчаныя лістком непрацаздольнасці, у тым ліку выхадныя і святочныя дні.

Тэрмін выплаты лічаць з дня прадастаўлення бальнічнага наймальніку, а не аўтаматычна з дня закрыцця бальнічнага. Звычайна дапамогу назначаюць на працягу 10 дзён. Калі патрэбны дадатковыя дакументы або звесткі — на працягу месяца. Грошы выплачваюць ва ўстаноўленыя ў наймальніка дні выплаты зарплаты.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»