Парламенцкую дыпламатыю трэба задзейнічаць для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі — Качанава
Наталля Качанава 15 верасня, Мінск . Парламенцкую дыпламатыю трэба задзейнічаць для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі. Аб гэтым заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час першага пасяджэння пятай сесіі Савета Рэспублікі восьмага склікання,
Сітуацыя на міжнароднай арэне
«Міжнародная абстаноўка сёння характарызуецца перапляценнем вострых геапалітычных супярэчнасцей і ўзрастаючай эканамічнай фрагментацыяй. Барацьба за крытычныя рэсурсы, пратэкцыянізм у гандлі, санкцыйныя рэжымы становяцца ключавымі фактарамі, якія мяняюць прывычныя мадэлі міжнароднага супрацоўніцтва. Сёння мы фактычна назіраем процістаянне ваенных і палітычных блокаў, прыхільнікаў і праціўнікаў шматпалярнасці. Як адзначыў наш Прэзідэнт, цяпер дэманстратыўна вярнулася прамая масіраваная ваенная агрэсія. На фоне ўзмацнення рэгіянальных канфлікітаў і саперніцтва буйных дзяржаў прыкметна зніжаецца ўзровень даверу паміж дзяржавамі, дыпламатычныя каналы нярэдка працуюць у абмежаваным рэжыме, а шматлікія міжнародныя інстытуты сутыкаюцца з дэфіцытам кансэнсусу і палітычнай волі. Наша нязменная задача — захаваць на беларускай зямлі мір і спакой. Ва ўмовах глабальнай узаемазалежнасці любая эскалацыя напружанасці здольна падарваць дасягненні ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця, разбурыць усе папярэднія шматгадовыя намаганні цэлых пакаленняў», — сказала Наталля Качанава.
На яе думку, у пытаннях падтрымання міжнароднага міру і бяспекі трэба максімальна задзейнічаць парламенцкую дыпламатыю. «Беларусь — міралюбівая краіна. Гэты тэзіс мы паслядоўна даводзім да замежнай грамадскасці ў ходзе шматлікіх міжнародных кантактаў са спікерамі парламентаў, кіраўнікамі дыпламатычных місій, кіраўніцтвам знешнепалітычных ведамстваў, дэлегацыямі дзелавых колаў, групамі дружбы. Нам трэба прадоўжыць работу па рэалізацыі на міжнароднай арэне ініцыятывы кіраўніка нашай дзяржавы аб пачатку глабальнага дыялогу па беспецы. У яе развіццё члены Савета Рэспублікі садзейнічаюць пашырэнню ідэі фарміравання новай архітэктуры еўразійскай бяспекі. Нашы парламентарыі ініцыявалі гэта пытанне на мерапрыемствах Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкай сеткі Руху недалучэння, Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Мы выступілі з прапановай прыняцця ў рамках МПА СНД заявы ў падтрымку распрацоўкі Еўразійскай хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці і аналагічнай заявы — у геапалітычнай групе «Еўразія» ў Міжпарламенцкім саюзе», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Яна таксама падкрэсліла, што Савету Рэспублікі неабходна прадоўжыць выступаць з публічнай рэакцыяй на падзеі, якія закранаюць пытанні бяспекі краіны. «Так, мы ініцыявалі прыняцце заявы ў сувязі з атакай на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Гэты дакумент быў накіраваны ў СМІ і парламенцкія арганізацыі. Такім чынам, аб’ектыўна інфармуючы міжнародную супольнасць, мы прабіваем цэнзуру, якую заходнія медыя выбудоўваюць вакол такіх інцыдэнтаў», — адзначыла Наталля Качанава. 
Міжпарламенцкае супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве
У ліку прыярытэтных пляцовак — Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Менавіта тут фарміруецца адзіная прававая прастора Саюзнай дзяржавы, сінхранізуюцца падыходы да сацыяльных гарантый, прамысловай кааперацыі, абароны агульнай гістарычнай памяці.
У кантэксце забесяпчэння бяспекі Саюзнай дзяржавы паміж парламентамі наладжана цеснае ўзаемадзеянне. Бакі штогод праводзяць кансультацыі, у час якіх звяраюць падыходы па актуальным міжнародным парадку дня. Да канца гэтага года ў Мінску пройдуць чарговыя такія кансультацыі.
«Міжпарламенцкая дыпламатыя сёння выступае важнейшым інструментам пашырэння нацыянальных інтарэсаў і стварэння спрыяльных умоў для нашай эканомікі. Развіццё гандлёва-эканамічных інтарэсаў у кантэксце тых задач, якія кіраўнік дзяржавы ставіць перад усёй вертыкаллю ўлады, — наш абсалютны прыярытэт. Прэзідэнт асабістым прыкладам, ажыццяўляючы візіты ў замежныя краіны, у тым ліку далёкай дугі, і дамаўляючыся з іх лідарамі, адчыняе дзверы на рынкі, на якія няпроста зайсці ва ўмовах жорсткай глабальнай канкурэнцыі», — зрабіла акцэнт старшыня Савета Рэспублікі.
Яна таксама звярнула ўвагу на вялікі эканамічны эфект праводзімых пад эгідай Савета Рэспублікі міжнародных форумаў. У чэрвені ў Мінску і Мінскай вобласці адбыўся XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ўстанавіў новыя рэкорды па колькасці падпісаных кантрактаў і дакументаў аб супрацоўніцтве. Як падкрэсліла Наталля Качанава, пастаянным камісіям Савета Рэспублікі трэба ўзяць на асаблівы кантроль выкананне дамоўленасцей, дасягнутых на мерапрыемствах форуму. Пры гэтым ключавая роля ў кантролі за рэалізацыяй рашэнняў форуму застаецца за Міжпарламенцкай камісіяй па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, якая павінна забяспечыць змястоўнае напаўненне сустрэч старшынь Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі ў міжфорумны перыяд з улікам сумесна прынятага рашэння аб правядзенні форуму на двухгадовай аснове.
Узаемадзеянне з краінамі СНД
На думку старшыні Савета Рэспублікі, у Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД неабходна прадоўжыць дзейнасць па гарманізацыі заканадаўстваў краін Садружнасці. Па прапанове Беларусі ў перспектыўны план мадэльнай заканатворчасці на 2026-2028 гады ўключаны 12 са 134 дакументаў.
У лістападзе ў Туркменістане пройдуць мерапрыемствы Міжпарламенцкай асамблеі краін СНД. «Нам мэтазгодна выкарыстоўваць візіт парламенцкай дэлегацыі ў гэту краіну для правядзення перагавораў з туркменскім бокам па ўсім спектры двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама з іншымі нашымі партнёрамі. Гэта ўнікальная пляцоўка для правядзення такіх сустрэч і перагавораў. Неабходна прадоўжыць рэалізацыю беларускай ініцыятывы аб правядзенні пад эгідай МПА СНД мерапрыемстваў, прысвечаных захаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцей», — сказала Наталля Качанава.
Ключавымі напрамкамі работы ў Парламенцкай асамблеі АДКБ застаюцца забесяпчэнне калектыўнай бяспекі, гарманізацыя заканадаўства дзяржаў-удзельніц і нарошчванне міжпарламенцкага ўзаемадзеяння для процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам.
У канцы верасня ва Узбекістане, у Хіве, пройдзе першы ўзбекска-беларускі міжпарламенцкі форум, у рамках якога адбудзецца чацвёрты жаночы бізнес-форум. Паводле слоў Наталлі Качанавай, змяненне фармату гэтага форуму, павышэнне яго статусу адбыліся нездарма: у час афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў ліпені гэтага года краіны замацавалі ўстанаўленне стратэгічнага партнёрства падпісаннем адпаведнай дэкларацыі. Беларусь актыўна рыхтуецца да форуму, фарміруе партфель камерцыйных кантрактаў і дамоўленасцей. Гэта будзе дзейсным укладам у рэалізацыю дарожнай карты па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана і вырашэнне задачы, пастаўленай кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, аб выхадзе да 2030 года на ўзровень тавараабароту $2 млрд.
Супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі
«Наша дзейнасць у парламенцкіх структурах павінна абапірацца на безумоўны прыярытэт нацыянальных інтарэсаў, падтрымку аб’яднальных і стваральных ініцыятыў. У пачатку кастрычніка ў Танзаніі адбудзецца 153-я Асамблея Міжпарламенцкага саюза. Для нас прынцыпова важна захаваць пераемнасць падыходаў у рабоце гэтай старэйшай міжнароднай арганізацыі, не дапусціць яе палітызацыі або зніжэння эфектыўнасці ў рабоце, што мы бачым на прыкладзе іншых інстытутаў. У гэтым кантэксце адным з галоўных пытанняў для нас на маючай адбыцца асамблеі будзе выбранне новага старшыні Міжпарламенцкага саюза. Вядзецца работа на маладзёжным трэку МПС: наш калега Аляксандр Сяргеевіч Лук’янаў у пачатку верасня прыняў удзел у Глабальнай канферэнцыі маладых парламентарыяў», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Назіраецца рост інтарэсу да міжпарламенцкага супрацоўніцтва з боку дзяржаў далёкай дугі. У ліпені гэтага года Беларусь наведала дэлегацыя Арабскага парламента, якая прадстаўляе інтарэсы 22 дзяржаў — членаў Лігі арабскіх дзяржаў. У час візіту паміж Нацыянальным сходам і Арабскім парламентам падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні, які адкрывае новыя перспектывы для супрацоўніцтва з арабскім светам. Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам М’янмы, якая адбылася ў жніўні гэтага года, дасягнута прынцыповая дамоўленасць аб актывізацыі міжпарламенцкіх кантактаў. Цяпер прапрацоўваецца першы ў гісторыі беларуска-м’янманскіх адносін афіцыйны візіт у Беларусь старшыні верхняй палаты парламента гэтай дзяржавы.
На мінулым тыдні адбыўся рабочы візіт у Беларусь дэлегацыі Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая. Пацверджаны курс на далейшае паглыбленне беларуска-кітайскага ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, пашырэнне супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, па лініі грамадскіх жаночых і маладзёжных арганізацый.
Наталля Качанава таксама анансавала маючы адбыцца афіцыйны візіт старшыні Сената Парламента Пакістана. Плануецца падпісаць двухбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве.
«Рэалізацыя дамоўленасцей, дасягнутых з нашымі замежнымі партнёрамі, перш за ўсё на вышэйшым узроўні, — гэта агульнадзяржаўная задача. Мы павінны больш актыўна працаваць па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, вырашэнне якіх часам неабгрунтавана зацягваецца. Для гэтага ў нас ёсць шырокі інструментарый: у восьмым скліканні Нацыянальнага сходу сфарміраваны 10 дэлегацый для работы ў міжнародных парламенціх арганізацыях, шэсць камісій і камітэтаў высокага ўзроўню, 42 краінавыя рабочыя групы, многія з якіх узначальваюць члены Савета Рэспублікі. Сёння назіраецца высокая інтэнсіўнасць у рабоце шэрага такіх груп і камісій — з Саветам Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў, Сенатам Олій Мажліса Узбекістана. Астатнія групы дружбы павінны актывізаваць сваю работу, пашыраць фарматы ўзаемадзеяння і ўносіць важкі ўклад у далейшае ўмацаванне двухбаковых адносін», — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.
Маніторынг выбараў
Наталля Качанава назвала ўдзел членаў Савета Рэспублікі ў маніторынгу выбараў і рэферэндумаў укладам у забеспячэнне электаральнага суверэнітэту дружалюбных Беларусі дзяржаў і ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі. У жніўні гэтага года члены Савета Рэспублікі прынялі ўдзел у міжнародным назіранні за выбарамі дэпутатаў Курултая Казахстана. Ужо на гэтым тыдні плануецца ўдзел парламентарыяў у складзе груп міжнародных наглядальнікаў у маніторынгу выбараў дэпутатаў Дзяржаўнай думы.
«Аб’ектыўныя ацэнкі асабліва важны ва ўмовах, калі заходнія краіны і ангажыраваныя арганізацыі не спыняюць спроб умяшання ў важнейшыя ўнутрыпалітычныя падзеі ў нашых краінах. У кантэксце гэтай электаральнай кампаніі будзе пашырана практыка ўдзелу членаў Савета Рэспублікі ў маніторынгу выбараў у расійскіх замежных установах на тэрыторыі нашай краіны», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Мэты ўстойлівага развіцця
Нацыянальным каардынатарам па дасягненні Мэт устойлівага развіцця з’яўляецца член Савета Рэспублікі Сяргей Алейнік. «Работа праводзіцца сістэмная, і нашай краіне ёсць чым ганарыцца. Беларусь уваходзіць у лік лідараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, займаючы 35-е месца ў міжнародным рэйтынгу са 169 краін. Узровень дасягнення МУР складае каля 83%. Пры гэтым агульнасусветныя тэмпы застаюцца вельмі павольнымі, а па шэрагу напрамкаў пагаршаюцца», — звярнула ўвагу Наталля Качанава.
У лістападзе ў Мінску адбудзецца знакавае мерапрыемства — Міжнародны форум ШАС па ўстойлівым развіцці з удзелам нацыянальных каардынатараў. «Нам трэба выкарыстоўваць гэты форум для прадметнага разгляду пытанняў, якія перашкаджаюць глабальнаму прагрэсу ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця, такіх як незаконныя санкцыі, гонка ўзбраенняў, падтрымка ўзброеных канфліктаў», — дадала старшыня Савета Рэспублікі.
Фота Мікалая Пятрова





