«Новыя кніжныя серыі і конкурсы». У Саюзе пісьменнікаў расказалі аб падтрымцы маладых літаратараў
Фота з архіва 22 жніўня, Мінск . Як Саюз пісьменнікаў Беларусі падтрымлівае маладых літаратараў, журналістам расказаў старшыня Саюза пісьменнікаў, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Аляксандр Карлюкевіч,
«У пачатку чэрвеня прайшоў першы форум маладых літаратараў Беларусі, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Форум паказаў, што ў Саюзе пісьменнікаў шмат маладых людзей, многія рыхтуюцца да ўступлення ў саюз, а самае галоўнае — пішуць свае цікавыя творы. Міністэрства інфармацыі падштурхнула два выдавецтвы — «Мастацкая літаратура» і выдавецкі дом «Звязда» — да стварэння асобай серыі «Маладосць», у якой прадстаўлены творы аўтараў ва ўзросце менш за 30 гадоў (у рэдкіх выпадках — больш за 30). У гэтай серыі ўжо выйшла кніга Андрэя Дарожкіна, рыхтуецца да выхаду кніга Вікторыі Кляўко», — сказаў Аляксандр Карлюкевіч.
Паводле яго слоў, форум маладых літаратараў і назіранне за новым пакаленнем літаратараў падштурхнулі кіраўнікоў рэгіянальных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў больш увагі ўдзяляць рабоце з моладдзю. «Калі міністр інфармацыі выступаў на форуме, ён звярнуў увагу на супрацоўніцтва рэгіянальных медыя з маладымі літаратарамі. Ведаю, што цяпер Брэсцкая абласная газета «Заря» рыхтуе цэлы разварот маладых аўтараў, які выйдзе напярэдадні Дня беларускага пісьменства, і, вядома, гэта адбываецца яшчэ і таму, што там ёсць каго публікаваць. У нас у выдавецтве «Беларусь» таксама падрыхтаваны зборнік апавяданняў маладых аўтараў, які ўжо здадзены ў друкарню. Над гэтай кнігай мы працавалі сумесна з галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» Вольгай Рацэвіч. Там чытачы ўбачаць не толькі ўдзельнікаў форуму маладых літаратараў, але і новых аўтараў, якіх адкрывае часопіс», — растлумачыў Аляксандр Карлюкевіч.
Першы намеснік Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах заўважыла, што падтрымка маладых пісьменнікаў ажыццяўляецца таксама пры дапамозе розных літаратурных конкурсаў. Так, цяпер таксама адкрыты прыём заявак на VIII конкурс маладых літаратараў «Мост дружбы», які праходзіць пад эгідай Саюзнай дзяржавы. Прыняць удзел у ім могуць аўтары-пачаткоўцы Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў. Акрамя ўзнагарод, якія атрымаюць пераможцы (па пяць аўтараў ад Беларусі і Расіі), іх творы будуць прадстаўлены ў выглядзе творчага зборніка.



