«Не проста чакалі рашэнне, а вялі актыўную работу». Кіраўнік федэрацыі фехтавання аб допуску беларусаў
Фота з архіва 3 чэрвеня, Мінск . Старшыня Беларускай федэрацыі фехтавання Віталь Сакалоўскі расказаў аб узаемадзеянні з Міжнароднай федэрацыяй фехтавання (FIE), што прывяло да зняцця ўсіх абмежаванняў,
2 чэрвеня FIE аб’явіла аб поўным аднаўленні ў правах беларускіх і расійскіх спартсменаў. З гэтага часу нашы фехтавальшчыкі могуць выступаць на турнірах пад эгідай арганізацыі са сцягам і гімнам. Да гэтага тры гады беларусы прымалі ўдзел у спаборніцтвах FIE ў нейтральным статусе.
«Вельмі рады гэтаму рашэнню, даўно чакалі яго. Нас павінны былі вярнуць значна раней, але лепш позна, чым ніколі. Мы правялі вялікую работу, важную дапамогу аказаў Нацыянальны алімпійскі камітэт. Пастаянна пісалі афіцыйныя пісьмы ў міжнародную федэрацыю, вялі перагаворы з прадстаўнікамі FIE і адчувалі падтрымку з іх боку. Многія хацелі, каб з нас знялі абмежаванні як мага хутчэй. Яшчэ ў лістападзе на кангрэсе FIE нам у прыватных размовах гаварылі, маўляў, станоўчае рашэнне ўжо зусім хутка, трэба толькі пачакаць. Але мы не проста чакалі, а самі стараліся рабіць усё магчымае: стукаліся ва ўсе дзверы, прыводзілі аргументы. Нарэшце разважлівасць перамагла, для нас зноў няма бар’ераў», — сказаў кіраўнік БФФ.
Далей нацыянальная федэрацыя чакае аналагічнага рашэння з боку Еўрапейскай канфедэрацыі фехтавання (EFC). Паводле слоў Віталя Сакалоўскага, сітуацыя з кантынентальнай арганізацыяй больш складаная, паколькі многія члены EFC займаюць актыўную пазіцыю супраць беларусаў і расіян.
«16 чэрвеня ў Францыі стартуе чэмпіянат Еўропы па фехтаванні. Перад турнірам еўрапейская канфедэрацыя будзе праводзіць свой кангрэс. І цалкам магчыма, што па яго выніках будуць нейкія рухі і ад EFC. Там пакуль захоўваецца вельмі недружалюбнае стаўленне да нас. Калі раней у турнірах міжнароднай федэрацыі мы прымалі ўдзел хаця б у нейтральным статусе, то да спаборніцтваў EFC мы не дапушчаны наогул, членства нашай і расійскай федэрацый прыпынена. А ў нас ёсць добрыя спартсмены, якія маглі б змагацца за медалі на турнірах кантынента сярод юніёраў і моладзі. Марк Семаненка, Сцяпан Коваль, Дар’я Уласава… Але, на жаль, яны нават не могуць выступіць».
Дарослы чэмпіянат Еўропы праводзіцца пад эгідай FIE. На турніры нашы спартсмены будуць спаборнічаць пад нейтральным сцягам, паколькі былі заяўлены яшчэ да рашэння FIE аб аднаўленні правоў. З дзяржаўнай сімволікай беларускія фехтавальшчыкі выступяць ужо на чэмпіянаце свету ў Ганконгу ў канцы ліпеня.






