М’янма будзе прыкладаць усе намаганні для развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю — Мін Аун Хлайн
21 жніўня, Мінск . М’янма будзе прыкладаць усе намаганні для захавання і далейшага развіцця дружалюбных адносін і ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым заявіў журналістам Прэзідэнт М’янмы Мін Аун Хлайн па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам,
«Мы будзем сумесна з Прэзідэнтам Беларусі, урадам і народам прыкладаць намаганні для захавання і далейшага развіцця дружалюбных адносін і ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю», — адзначыў Прэзідэнт М’янмы.
Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, М’янма і Беларусь за амаль тры дзесяцігоддзі выбудавалі добрыя адносіны, якія пачалі асабліва дынамічна развівацца ў апошнія гады дзякуючы сумесным намаганням лідараў дзвюх краін. Адбыліся ўзаемныя візіты кіраўнікоў дзвюх краін, што садзейнічала ўстанаўленню цесных кантактаў і паглыбленню супрацоўніцтва не толькі на вышэйшым узроўні, але і ва ўсіх сферах і на іншых узроўнях.
У час цяперашняга візіту падпісаны шэраг дакументаў, і прэзідэнты ў працэсе перагавораў звярнулі ўвагу на неабходнасць іх практычнай рэалізацыі. Як адзначыў Мін Аун Хлайн, адбыўся адкрыты даверны абмен думкамі аб захаванні набранага тэмпу развіцця адносін. Разгледжана магчымасць умацавання ўзаемадзеяння па лініі парламентаў і ўрадаў.
«Мы абмеркавалі нарошчванне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў такіх галінах, як абарона, гандаль, інвестыцыі, сельская гаспадарка, навука, тэхналогіі, ахова здароўя, адукацыя, прамысловасць і космас, — сказаў Прэзідэнт М’янмы. — Абмеркавалі актуальныя рэгіянальныя і міжнародныя пытанні, пацвердзілі намер прадоўжыць аказваць узаемную падтрымку на міжнароднай арэне».
Мін Аун Хлайн зрабіў асаблівы акцэнт на прывабнасці М’янмы для замежных інвестыцый і прапанаваў беларускаму бізнесу магчымасці фінансавых укладанняў у сферы сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі і прамысловасці.





