Мехатрады і ўзбуйненыя звёны. Ісачанка расказаў аб нарыхтоўцы кармоў у Магілёўскай вобласці
Анатоль Ісачанка 17 чэрвеня, Магілёў . Як ідуць работы па нарыхтоўцы кармоў у рэгіёне, журналістам расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка па выніках даклада кіраўніку дзяржавы,
Адной з важных тэм даклада сёння стала сельская гаспадарка, у прыватнасці — пытанні нарыхтоўкі кармоў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў на гэта асаблівую ўвагу. «Было даложана, што касавіца ідзе поўным ходам — практычна 78 працэнтаў мы ўбралі. Травы ў гэтым годзе нядрэнныя. Мы ўжо нарыхтавалі недзе 50 працэнтаў ад плана па сенажы. Я думаю, на працягу тыдня завершыцца першы ўкос, і адразу пачнём другі ўкос. Дажджы крыху стрымліваюць тэмпы і перашкаджаюць, але ў той жа час яны дапамагаюць — ураджай траў нядрэнны, — расказаў Анатоль Ісачанка. — Наша задача: усё ўбраць, сабраць і нарыхтаваць якасныя кармы. На гэта мы звяртаем асаблівую ўвагу».
Яшчэ адна актуальная тэма — работа ў рэгіёне механізаваных атрадаў, якія, падкрэсліў старшыня аблвыканкама, былі створаны па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. «У нас на корманарыхтоўцы працуе 15 такіх атрадаў. Гэта поўнасцю ўкамплектаваныя атрады — з кормаўборачнымі камбайнамі, касілкамі, машынамі для адвозкі і трамбавання. І яны выконваюць сваю ролю нядрэнна. Недзе 15-20 працэнтаў ад усяго аб’ёму нарыхтоўваемых кармоў — гэта работа мехатрадаў, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — Але следам ідзе другое пытанне — гэта ўборка збожжавых. І сёння наша задача, каб разам з уборкай збожжавых, прадаўжалася нарыхтоўка травы. Травы вельмі нядрэнныя, ёсць магчымасць нарыхтаваць якасны корм, і мехатрады нам у гэтым дапамогуць».
Таксама будуць створаны міжгаспадарчыя атрады. «І мы прадоўжым, як у мінулым годзе, так і ў гэтым, нарыхтоўку кармоў», — падкрэсліў ён. 
Пытанне ўмоў захоўвання ўгнаенняў таксама адно з актуальных. «Сёння ў Магілёўскай вобласці восем баз захоўвання мінеральных угнаенняў. І ў нас планы і задачы — аднавіць усе іх, каб можна было захоўваць угнаенні ў тым выглядзе, у якім яны ёсць. Якасна і без якіх-небудзь іншых страт. На сённяшні дзень, на жаль, ёсць неабходнасць палепшыць якасць захоўвання ўгнаенняў. Яны каштуюць дорага, і яны запатрабаваны. Таму праграма распрацавана, і мы па ёй працуем», — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Акрамя прывядзення ў парадак баз захоўвання, у рэгіёне пачалі ствараць свае спецыялізаваныя атрады па ўнясенні ўгнаенняў і сродкаў хімаховы. «Гэту работу мы пачалі ўжо — набылі адпаведную тэхніку, — гаворыць Анатоль Ісачанка. — І гэта работа паказвае свой станоўчы вынік. Гаспадаркам недзе трэба дапамагаць у гадзіны пік. Сёння ідуць нядрэнныя збожжавыя культуры, яравыя і азімыя, але сёння трэба працаваць з хіміяй і падкормкамі. І вось такія ўзбуйненыя звёны дапамагаюць больш эфектыўна праводзіць работу. Гэта наша стратэгія і напрамак, тое, што даручаў кіраўнік дзяржавы», — падагульніў Анатоль Ісачанка.






