Маладыя спецыялісты сталі часцей звяртацца ў прафсаюзы за прававой дапамогай
Фота з архіва ФПБ Навіны сюжэта «Маладзёжная палітыка Беларусі » Здольнасць ператвараць веды ў дзеянні. Якія яшчэ тэмы абмяркоўваліся на сустрэчы Снапкова з маладымі аналітыкамі? МЖКГ правядзе гарачую лінію па пытаннях пражывання маладых спецыялістаў у арэндным жыллі 26 жніўня, Мінск . У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначаюць павелічэнне колькасці зваротаў ад маладых спецыялістаў. Большасць выпускнікоў пачалі работу, і менавіта на першых этапах працоўнай дзейнасці ў іх узнікаюць пытанні аб гарантыях і правах, паведамілі ў прэс-службе ФПБ.
Маладых работнікаў цікавіць, як рэалізуюцца прадугледжаныя заканадаўствам гарантыі, якія выплаты належаць пры размеркаванні ў іншую мясцовасць, ці можна змяніць рэжым работы або перайсці на няпоўны рабочы час. Атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна будзе ў час выязных прафсаюзных прававых прыёмаў, якія традыцыйна праходзяць у краіне ў апошні чацвер месяца. У гэтым месяцы асаблівая ўвага будзе ўдзелена прававой асвеце моладзі. На прыёмы запрашаюць не толькі маладых спецыялістаў, але і іх бацькоў, а таксама прадстаўнікоў кадравых службаў.
«Першыя месяцы работы для маладога спецыяліста — гэта не толькі знаёмства з калектывам і сваімі абавязкамі, але і час, калі фарміруецца разуменне сваіх працоўных правоў. Таму прафсаюзныя прававыя прыёмы арыентаваны перш за ўсё на практычныя пытанні, з якімі чалавек сутыкаецца непасрэдна на рабочым месцы», — адзначылі ў прэс-службе ФПБ.
Прафсаюзныя юрысты гатовы растлумачыць нормы працоўнага заканадаўства і дапамагчы разабрацца ў спрэчных сітуацыях. Актуальнасць такіх кансультацый пацвярджаюць і звароты ў час прававога прыёму, які прайшоў у мінулым месяцы. У прыватнасці, маладых спецыялістаў цікавілі пытанні выплаты так званых «пад’ёмных» і кампенсацый пры размеркаванні ў іншую мясцовасць.
Так, у Чэрыкаве за кансультацыяй звярнулася маладая работніца, зарэгістраваная ў Гродзенскай вобласці. Пасля вучобы ў Клімавічах яна была накіравана на работу ў Чэрыкаўскі раён. Маладога спецыяліста цікавіла, ці належыць ёй кампенсацыя за пераезд на месца работы і ў якім памеры. Прафсаюзны юрыст растлумачыла, што па новым месцы работы маладому спецыялісту выплачваецца аднаразовая дапамога ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (акладу). Такая гарантыя распаўсюджваецца не толькі на самога выпускніка. Аднаразовая дапамога таксама выплачваецца членам яго сям’і, якія пераехалі разам з ім.
Яшчэ адзін блок пытанняў датычыцца ўмоў пражывання. Маладыя спецыялісты цікавяцца, ці павінен наймальнік прадаставіць жыллё тым, хто размеркаваны не па месцы жыхарства, і якім патрабаванням павінна адпавядаць арэнднае жыллё.
Пра час і месца правядзення прафсаюзных прававых прыёмаў можна даведацца на сайтах абласных і Мінскага гарадскога аб’яднанняў прафсаюзаў.





