Таварныя біржы Беларусі і Егіпта намецілі практычныя крокі па актывізацыі супрацоўніцтва
Фота з архіва 20 кастрычніка, Мінск . Беларуская ўніверсальная таварная біржа і Таварная біржа Егіпта (Egyptian Mercantile Exchange, EMX) вызначылі пералік прыярытэтных пытанняў практычнага характару, якія плануецца дэталёва прапрацаваць у бліжэйшай перспектыве для рэалізацыі мемарандума аб узаемаразуменні паміж дзвюма пляцоўкамі. Аб гэтым паведамілі у прэс-службе БУТБ.
З гэтай мэтай будзе сфарміравана міжбіржавая рабочая група, якая складаецца са спецыялістаў БУТБ і EMX, галоўнай задачай якой стане каардынацыя ўзаемадзеяння беларускай і егіпецкай бірж у сферах, што ўяўляюць узаемны інтарэс. Такая дамоўленасць дасягнута ў ходзе нарады паміж прадстаўнікамі БУТБ і EMX, якая адбылася 20 кастрычніка ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі.
«З прычыны выключнай важнасці егіпецкага рынку для развіцця біржавога гандлю з краінамі Блізкага Усходу і Афрыкі мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб перавесці ў практычную плоскасць усе ключавыя напрамкі супрацоўніцтва, замацаваныя ў мемарандуме аб узаемаразуменні. Мы гатовы да арганізацыі сумеснай работы ў любым прымальным для егіпецкага боку фармаце. Кансалідацыя намаганняў нашых бірж, безумоўна, пасадзейнічае развіццю біржавога гандлю паміж Беларуссю і Егіптам і забяспечыць спрыяльныя ўмовы для росту тавараабароту і актывізацыі дзелавых кантактаў», — адзначыў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Яраслаў Кавальчук.
Прадстаўнікі EMX пацвердзілі свой намер умацоўваць партнёрскія адносіны з БУТБ і пачаць імплементацыю палажэнняў мемарандума. Егіпецкі бок, у прыватнасці, выказаў зацікаўленасць у вывучэнні вопыту БУТБ па правядзенні электронных біржавых таргоў прадукцыяй сельскай гаспадаркі на ўнутраным і знешнім рынку, а таксама ў выкарыстанні прымяняемых на беларускай біржы методык, інструментаў і механізмаў, якія датычацца цэнаўтварэння, кіравання рызыкамі і кантролю выканання здзелак. Асобная ўвага будзе ўдзелена абмену цэнавай інфармацыяй і аналітычнымі данымі, трансферу тэхналогій і садзейнічанню егіпецкім імпарцёрам і экспарцёрам па выхадзе на біржавы рынак Беларусі.
ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.






