Брэсцкія дэсантнікі ў час праверкі УС выконваюць задачы днём і ноччу ва ўскладненых умовах — камандзір брыгады
20 кастрычніка, Брэст / Кар. БЕЛТА/. Ваеннаслужачыя 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў Брэсце ў час праверкі Узброеных Сіл выконваюць вучэбна-баявыя задачы днём і ноччу ва ўскладненых умовах. Аб гэтым паведаміў журналістам камандзір 38-й брыгады Валерый Булыга,
Праверка праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта. Па распараджэнні Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі 19 кастрычніка ў гатоўнасць да выканання задач па прызначэнні ў штаце мірнага часу прыведзены дзяжурная рота па рэагаванні і адна з воінскіх часцей 38-й брыгады. Праверка ахоплівае комплекс мерапрыемстваў, неабходных воіну-дэсантніку.
Так, ваеннаслужачыя ажыццявілі марш і выйшлі ў раён засяроджвання на палігоне Брэсцкі. Яны выканалі ўсе належныя мерапрыемствы, у прыватнасці, па размяшчэнні, маскіроўцы і ахове тэхнікі, па разведцы на подступах да раёна засяроджвання. Усё гэта даводзілася рабіць ноччу, прыйшлося ахвяраваць сном. «Сёння з васьмі гадзін раніцы пачалі здачу нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Стомленыя, але не зломленыя, гатовы прадэманстраваць навыкі і ўменні, на якія здольны. Ужо здалі падцягванне, бег на 100 м, 1 км або 3 км. Пасля невялікага перапынку пачнуць агнявую падрыхтоўку, якая будзе праходзіць ў дзённы час, пераходзячы ў далейшым у начны», — адзначыў Валерый Булыга.

Ён падкрэсліў, што ўзровень падрыхтоўкі ваеннаслужачых можа забяспечыць мірнае неба над Беларуссю. «Наш народ можа спаць спакойна. У выпадку нейкай пагрозы, зразумела, ваеннаслужачыя ў стане выканаць задачы ў самых суровых умовах», — запэўніў камандзір 38-й брыгады.
Акцэнт зроблены на тым, што правяраючыя падрыхтоўку брэсцкіх дэсантнікаў ацэньваюць не ў іх паўсядзённай дзейнасці. Свае навыкі яны дэманструюць у цёмны час сутак, у дрэннае надвор’е. «Яны ноччу пад дажджом выконвалі мерапрыемствы маскіроўкі, аховы, размяшчаліся, абсталёўвалі бліндажы. Каму колькі атрымалася паспаць, столькі і паспалі. Некаторыя ваеннаслужачыя па тры гадзіны адпачылі. Так, нялёгка. Нас у тым ліку ацэньваюць, як мы маральна і псіхалагічна ўстойлівыя. Пасля пэўных цяжкіх выпрабаванняў трэба яшчэ і здаць фізічную падрыхтоўку па ўсіх нарматывах. Асабовы склад, што называецца, выціскае з сябе ўсе сокі», — сказаў Валерый Булыга.
Дарэчы, у падраздзяленні 38-й брыгады, якое правяралася, служаць хлопцы, якія вось-вось павінны пайсці ў звальненне ў запас. «Заўтра з асабовага складу, які тут знаходзіцца, звальняюцца 37 ваеннаслужачых. Сёння яны яшчэ адстойваюць гонар свайго батальёна. Дэманструюць добрыя вынікі», — рэзюмаваў камандзір брэсцкіх дэсантнікаў.
Фота Віялеты Южаковай






