«Маяк духоўнасці і дабра». Чым запомніўся ХХІ Фестываль мастацтваў «Славянскі базар»
1 ліпеня, Мінск . Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» засталося 15 дзён. БЕЛТА прапануе акунуцца ў рэтраспектыву: штодзённа на архіўных матэрыялах расказваем пра самыя яркія моманты кожнага фестывалю па гадах. Сёння — пра фестываль 2012 года, які праходзіў з 12 па 18 ліпеня.
На ўрачыстым адкрыцці XXІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што менавіта Віцебск сфарміраваў непаўторны характар «Славянскага базару», зрабіўшы яго галоўнымі рысамі шчырасць, адкрытасць, інтэлігентнасць і імкненне адстойваць эстэтычныя ідэалы. «Увесь фестываль прасякнуты павагай да творчай унікальнасці кожнага народа і садзейнічае нараджэнню новых мастацкіх ідэй. У сучасным свеце «Славянскі базар» служыць маяком духоўнасці і дабра», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён таксама растлумачыў, што, размяняўшы трэці дзясятак гадоў, фестываль не застыў у сваім развіцці: ён пастаянна адкрывае новыя грані свету сучаснага мастацтва. Па колькасці ўдзельнікаў і разнастайнасці праграм «Славянскі базар» прэтэндуе на званне летняй культурнай алімпіяды.

Упершыню перад пачаткам фэстывалю прайшлі нацыянальныя адборачныя туры для ўдзелу ў ХХІ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні ў Беларусі, Латвіі, Малдове, Расіі, Украіне і Эстоніі. На працягу двух дзён, 14 і 15 ліпеня, у Летнім амфітэатры адбыліся выступленні дарослых канкурсантаў, а Гран-пры дастаўся выканаўцу з Македоніі. У 2012 годзе дзіцячы музычны конкурс адзначыў сваё дзесяцігоддзе ў будынку канцэртнай залы «Віцебск», дзе галоўны прыз сярод юных талентаў быў уручаны грузінскай спявачцы.
Нязменны атрыбут свята — сувенірная фестывальная манета наміналам «21 базар» — выпушчана ў 2012 годзе тыражом 500 экзэмпляраў. Асаблівая ўвага была прыкавана да дэбютнага ўдзелу ў рамках «Славянскага базару» «Буранаўскіх бабуль», а таксама пашырэння Дня Саюзнай дзяржавы, які ўпершыню выйшаў за рамкі аднаго дня.
Яркім акцэнтам фестывалю стаў бенефіс народнага артыста Расіі Льва Лешчанкі. Летні амфітэатр, які ўмяшчае 6 тыс. гледачоў, быў перапоўнены, а тыя, хто не змог знайсці месцы, размясціліся ўздоўж сцен. Канцэртная праграма была прымеркавана да 70-годдзя артыста, а 12 ліпеня на Алеі лаўрэатаў была ўстаноўлена зорка Льва Лешчанкі, узнагароджанага спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».
Акрамя таго, свае сольныя праграмы прадставілі такія артысты, як Валерыя, Аляксандр Разенбаум, Ірына Алеграва, Пелагея, Леанід Сярэбранікаў, Аляксандр Новікаў і Сяргей Пенкін, які выступіў на сцэне «Славянскага базару» ўпершыню. «Беларусь — мая радзіма, а Віцебск — тое месца, тое паветра, тая Мека, дзе я таксама хачу ўзляцець, як Шагал, толькі пры жыцці», — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад фестывалю Барыс Маісееў, які прыехаў з прэзентацыяй новага альбома «Танец у белым». Яго яркія нумары і непаўторная харызма ператваралі кожнае выступленне ў сапраўдны спектакль.

У рамках Дня моладзі на плошчы Перамогі была арганізавана насычаная праграма. Ярка і маляўніча прайшоў міжнародны маладзёжны фестываль «Агонь танца — 2012» і конкурсныя выступленні ўдзельнікаў з Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі і Украіны. Вулічная праграма была як ніколі багатай на юных танцораў, музыкантаў, мастакоў і майстроў. Усім жыхарам і гасцям Віцебска надоўга запомніліся спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы, майстар-класы маладзёжных субкультур, вечарынкі, фаер-шоу і бітва дыджэяў. А «Горад майстроў» на гэты раз размясціўся ў Парку Пераможцаў. Завяршыўся фестываль канцэртнай праграмай «Шансон-ТБ».
Асноўныя мерапрыемствы XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдуць з 16 па 19 ліпеня, а першыя канцэрты адбудуцца ўжо 14 ліпеня. 






