Утульная атмасфера чорна-белага кіно. Канцэрт джаза адбыўся ў фестывальным Віцебску
19 ліпеня, Віцебск . Канцэрт у Віцебскай абласной філармоніі на «Славянскім базары» сабраў поўную залу аматараў джаза,
Маскоўскі Вялікі джазавы аркестр пад кіраўніцтвам расійскага дырыжора, музыканта і трубача Пятра Вастокава прадставіў у абласной філармоніі праграму з шэдэўрамі джаза розных часоў. Канцэрт стаў завяршальным у ліку мерапрыемстваў Дзён Саюзнай дзяржавы, а сёлета адбыліся гала-канцэрт на сцэне Летняга амфітэатра, пленэр, прэс-канферэнцыі, бізнес-сустрэчы, выставы і шмат іншага. Усё гэта праводзілася пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Вядучая вечара Алена Спірыдовіч адзначыла, што Віцебск заўсёды быў горадам, дзе цанілі, любілі, слухалі і ігралі джаз. На юбілейным форуме мастацтваў арганізавалі вялікі джазавы злёт, гэту музыку выконвалі на вуліцах, у трамваях, у агульным арт-парадзе, на прагулачным цеплаходзе.
Джаз — гэта музыка радасці, дружалюбнасці, творчасці. Кіраўнік маскоўскага аркестра Пётр Вастокаў падкрэсліў, што ў праграме музыканты прадстаўляюць самыя яркія, вядомыя, класічныя і любімыя многімі творы замежных і айчынных аўтараў. Дзякуючы майстэрству музыкантаў у зале, у якой не засталося свабодных месцаў, стварылася такая ўтульная атмасфера, што здавалася, быццам ты сядзіш у кавярні, дзе павольна іграе аркестр, ходзяць з падносамі афіцыянты і спяваюць чароўныя вакалісткі.
Першыя ўзнікшыя асацыяцыі на канцэрце — знакаміты чорна-белы фільм «У джазе толькі дзяўчаты». Гэта адчуванне ўзмацнілася, калі пачынаў іграць саксафон, якому тураваў кантрабас. Напэўна, слухачоў так захапіла гэта чароўная музыка, што хтосьці не ўседзеў на месцы і пачаў танцаваць. Гледачы з вялікай удзячнасцю за падораны канцэрт праводзілі гасцей фестывальнага Віцебска апладысментамі.




