Лукашэнка вызначыў сціслыя тэрміны для пераходу сумесных праектаў з М’янмай да рэалізацыі «на зямлі»
21 жніўня, Мінск . Практычная рэалізацыя сумесных праектаў Беларусі і М’янмы павінна пачацца ўжо ў наступным годзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах у шырокім складзе з Прэзідэнтам М’янмы Мін Аун Хлайнам,
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што арыенціры для работы вызначаны і замацаваны ў дарожнай карце па развіцці супрацоўніцтва на 2026-2028 гады. Яе рэалізацыі будзе садзейнічаць адкрыццё ў гэтым годзе пасольстваў дзвюх краін у Мінску і Нейп’ідо.
«Задача беларускай дыпмісіі сфармулявана максімальна канкрэтна — разам з дзяржаўнымі органамі М’янмы забяспечыць запуск сумесных праектаў у сферах прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі і іншых. І ў 2027 годзе ўсе гэтыя праекты павінны з папяровай фазы перайсці на этап рэалізацыі на зямлі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь і М’янма для гэтага ўжо зрабілі нямала, дзякуючы аднаўленню міжпарламенцкага і міжпартыйнага супрацоўніцтва пашыраны гарызонт узаемадзеяння.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней бакі падпісалі вялікі пакет дакументаў, многія з якіх ужо ўступілі ў сілу. Напрыклад, пачало працаваць пагадненне аб адмене віз — менш стала бюракратычных бар’ераў. І ў ходзе цяперашняга візіту Прэзідэнта М’янмы ў Беларусь двухбаковая дагаворна-прававая база папаўняецца новымі дакументамі з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.
Прэзідэнт адзначыў актыўную работу сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання. Менш чым за год прайшлі ўжо два яе пасяджэнні. «Значыць, ёсць што абмяркоўваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Сфарміравана таксама міжурадавая камісія па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Чакаецца, што яе першае пасяджэнне ў Мінску пройдзе ўжо ў бягучым годзе.
«Мы зацікаўлены ў актывізацыі кантактаў у сферах турызму, культуры, спорту. Мы пачулі вашу просьбу аб большай квоце для прыёму м’янманскіх грамадзян на навучанне ў нашай краіне», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што вельмі станоўча ўспрыняты прыезд м’янманскіх дзяцей на адпачынак у беларускія лагеры. Такія паездкі, упэўнены кіраўнік дзяржавы, закладваюць аснову дружбы на перспектыву.



