Хто падпадае пад амністыю ў сувязі з Годам беларускай жанчыны? Чупрыс раскрыла дэталі законапраекта
Вольга Чупрыс 26 лістапада, Мінск . Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс раскрыла падрабязнасці законапраекта «Аб амністыі ў сувязі з Годам беларускай жанчыны», які 26 лістапада быў унесены ў парламент кіраўніком дзяржавы,
«Законапраект аб амністыі накіраваны на большасць жанчын, якія былі асуджаны і адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі. Яны будуць вызвалены ад пакарання ў тых выпадках, калі ўчынілі злачынства, з’яўляючыся непаўналетнімі, і адбылі не менш як адзін год назначанага пакарання, — падкрэсліла Вольга Чупрыс. — Калі яны не адбылі аднаго года, то ў адносінах да іх, а таксама ў адносінах да мужчын, якія ўчынілі злачынства ў непаўналетнім узросце і адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі, будзе прадугледжана зніжэнне тэрміну пакарання на тры гады».
Зніжэнне на два гады прадугледжана для цяжарных жанчын, а таксама тых, хто мае траіх ці больш непаўналетніх дзяцей. Для астатніх жанчын, якія падлягаюць амністыі, тэрмін пакарання будзе зніжаны на адзін год. «Гэта датычыцца пенсіянерак, жанчын, якія маюць аднаго або дваіх непаўналетніх дзяцей, жанчын-інвалідаў першай і другой груп, жанчын, якія захварэлі на анкалагічныя захворванні», — падкрэсліла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Акрамя таго, пад амністыю падпадаюць асуджаныя жанчыны, якім было назначана пакаранне, не звязанае з прымусовай ізаляцыяй ад грамадства. Размова ідзе аб такіх пакараннях, як штраф або, напрыклад, папраўчыя работы.
«Асаблівасцю законапраекта з’яўляецца і тое, што ён распаўсюджваецца на жанчын, якія яшчэ не былі асуджаны, але ў адносінах да якіх справы разглядаюцца ў судзе або вядзецца папярэдняе следства», — дадала Вольга Чупрыс.
Пры гэтым, канстатавала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, гэта амністыя, як і іншыя, не мае ўсеагульнага характару. Яна абмежавана ў адносінах да асоб, якія ўчынілі наўмыснае забойства пры абцяжваючых акалічнасцях, злачынствы ў адносінах да непаўналетніх або звязаныя з нявыплатай аліментаў на ўтрыманне дзяцей, экстрэмісцкія злачынствы, а таксама ў адносінах да тых, хто злосна парушае парадак адбывання пакарання.
«Але нават калі жанчына не падпадае пад амністыю, у яе захоўваецца шанц звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам і быць памілаванай у індывідуальным парадку, калі яна гатова весці законапаслухмяны спосаб жыцця і шчыра раскаялася ва ўчыненым», — падкрэсліла Вольга Чупрыс.
Паводле яе слоў, ключавая мэта законапраекта — праявіўшы міласэрнасць да жанчын, даць ім магчымасць вярнуцца ў свае сем’і, да родных і блізкіх. «Для мужчын, маладых людзей, якія спатыкнуліся, гэта таксама стане магчымасцю хутчэй вярнуцца да родных, парадаваўшы іх напярэдадні Новага года», — рэзюмавала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект «Аб амністыі ў сувязі з Годам беларускай жанчыны». Як адзначыла Вольга Чупрыс, даручэнне кіраўніка дзяржавы аб падрыхтоўцы гэтага дакумента было адпрацавана Міністэрствам унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.
Фота Яна Гарбанюка




