Дні казахстанскага кіно стартавалі ў Мінску
26 лістапада, Мінск . Дні казахстанскага кіно ў Беларусі стартавалі з паказу фільма «Паралімпіец» у кінатэатры «Перамога» ў Мінску,
Усяго з 25 па 27 лістапада ў кінатэатры «Перамога» ў Мінску запланаваны паказы шасці кінакарцін: «Паралімпіец», «Асенні брыз», «Султан Бейбарс», «Кампазітар», «Капітан Байтасаў» і «38. Апошняя кропка».
Як расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Казахстана ў Беларусі Цімур Жаксылыкаў, мерапрыемства прымеркавана да 35-годдзя Незалежнасці Казахстана. «Правядзенне тыдня казахстанскага кіно стала ўжо добрай традыцыяй. Мы ўжо шмат гадоў у асеннія месяцы праводзім такія паказы. У гэтым годзе праграма складаецца з шасці фільмаў рознага жанру. Ёсць і карціны маладых аўтараў, і майстроў мастацкіх фільмаў, — адзначыў Цімур Жаксылыкаў. — Лічым вельмі важным правядзенне такіх мерапрыемстваў, таму што гэта своеасаблівы культурны мост паміж нашымі краінамі. Фільмы дапамагаюць зразумець душу народа, культуру, паглыбіцца ў яе. Лічу, што гэта вельмі добрая традыцыя, якая будзе прадаўжацца. І спадзяёмся, што фільмы, якія мы пакажам у час дзён кіно, запомняцца беларускаму гледачу».
Аўтар ідэі і генеральны прадзюсар мастацкага фільма «Асенні брыз» Тасбалат Мерэкенаў расказаў, што кінакарціна была знята паводле аповесці «Стары» кіргізскага пісьменніка і драматурга Таліба Ібрагімава. «Кніга «Стары і Анёл» трапіла мне ў рукі 10 гадоў таму, у ёй шмат добрых апавяданняў, але гэта аповесць мяне ўразіла, — адзначыў Тасбалат Мерэкенаў. — Кінафільм мы здымалі прыкладна месяц, было 20 здымачных дзён. Гэты фільм — спроба расказаць, што чалавек заўсёды імкнецца да кахання і каханне можа напаткаць яго ў любым узросце».
Таксама ў час Дзён казахстанскага кіно беларускі глядач зможа ўбачыць кінакарціну «Султан Бейбарс» (1989), якая ўваходзіць у залатую калекцыю «Казахфільма». Вядучы спецыяліст па кінавідэаматэрыялах кінастудыі «Казахфільм» Айнур Баймурзіна падкрэсліла, што ў Мінск прывезлі фільм, які быў пераведзены ў лічбавы фармат з кінастужкі і адрэстаўрыраваны.
Для ўмацавання культурных сувязей у Астане 25 лістапада таксама праходзіў Дзень беларускага кіно ў кінатэатры «Арман». Гасцей чакалі майстар-клас ад рэжысёра-аніматара «Беларусьфільма» Алены Туравай, паказ анімацыйнага фільма «Песня Сірын» і прэзентацыя карціны «Класная». У Астане таксама прайшла сустрэча, прысвечаная развіццю двухбаковых адносін у сферы кіно. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Казахстане Аляксей Багданаў, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Дзмітрый Сямёнаў і выконваючы абавязкі старшыні праўлення Дзяржаўнага цэнтра падтрымкі нацыянальнага кіно Казахстана Адылет Амараў абмеркавалі сумесныя праекты.
Па выніках сустрэчы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж «Беларусьфільмам» і Цэнтрам падтрымкі нацыянальнага кіно Казахстана. Дакумент заклаў аснову для работы па стварэнні сумесных фільмаў і пашырэнню культурных кантактаў паміж Беларуссю і Казахстанам.





