Хрэнін назіраў за фінальным этапам камандна-штабнога вучэння «Цэнтр-2026» у Расіі
Фота «Ваяр» 3 кастрычніка, Мінск . Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін прыняў удзел у назіранні за фінальным этапам розыгрышу практычных дзеянняў стратэгічнага камандна-штабнога вучэння «Цэнтр-2026», які адбыўся на адным з палігонаў у Расійскай Федэрацыі, расказалі БЕЛТА ў прэс-службе абароннага ведамства.
«Адначасова праходзіць актыўная фаза камандна-штабнога вучэння з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ «Узаемадзеянне-2026», спецыяльных вучэнняў з сіламі і сродкамі разведкі «Пошук-2026» і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння «Эшалон-2026″. Гэтыя мерапрыемствы прадугледжаны Планам міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва на 2026 год», — падкрэслілі ў Мінабароны.
Для назірання за актыўнай фазай вучэнняў запрошаны кіраўнікі абаронных ведамстваў дзяржаў — членаў АДКБ, СНД, ШАС, а таксама наглядальнікі ад узброеных сіл замежных дзяржаў і прадстаўнікі міжнародных арганізацый.
Перад фінальным розыгрышам Віктар Хрэнін наведаў камандны пункт Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ, паразмаўляў з беларускімі афіцэрамі, азнаёміўся з узорамі ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.
Як удакладняе РІА-Навіны са спасылкай на Мінабароны Расіі, тактычная група Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ Узброеных Сіл Беларусі пры падтрымцы ўдарных FPV-дронаў штурмавымі дзеяннямі захапіла перадавыя пазіцыі ўмоўнага праціўніка і дазволіла галоўным сілам рушыць наперад у ходзе вучэнняў «Цэнтр-2026».
Агульная колькасць войскаў на палігоне склала больш за 6 тыс. ваеннаслужачых. Задзейнічаны больш за 600 адзінак тэхнікі, 55 самалётаў і верталётаў, больш за 500 беспілотнікаў розных мадыфікацый, больш за 50 рабатызаваных сістэм.




