Парламенцкая дыпламатыя застаецца важным складнікам міждзяржаўных адносін — Качанава
Фота з архіва 30 верасня, Мінск . Парламенцкая дыпламатыя застаецца важным складнікам міждзяржаўных адносін. На гэтым зрабіла акцэнт старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава на пленарным пасяджэнні Узбекска-беларускага міжпарламенцкага форуму «Стратэгічнае партнёрства: развіццё парламенцкага дыялогу, новыя задачы і перспектывы супрацоўніцтва»,
Спікер падкрэсліла, што тэма форуму выбрана невыпадкова. «Парламенцкая дыпламатыя з’яўляецца важным складнікам міждзяржаўных адносін. Яна дапамагае лепш разумець пазіцыі адзін аднаго, знаходзіць агульныя рашэнні і ўстараняць магчымыя бар’еры. Па даручэнні прэзідэнтаў верхнія палаты парламентаў ажыццяўляюць пастаянны кантроль за рэалізацыяй дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні. Супрацоўніцтва паміж заканадаўчымі органамі нашых краін будуецца на сістэмнай аснове», — абазначыла яна.
Інстытуцыянальны дыялог каардынуецца ў рамках падпісанага Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Сенатам Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан. Таксама дзейнічае Міжпарламенцкая камісія па супрацоўніцтве, падпісаны план (дарожная карта) сумесных мерапрыемстваў на 2026-2027 гады.
«Наша агульная задача — ствараць прававыя ўмовы, у якіх бізнесу будзе прасцей працаваць, інвестарам — прымаць рашэнні, а праектам — эфектыўна рэалізоўвацца. Трэба кансалідаваць намаганні па гарманізацыі заканадаўства ў мытнай, падатковай і іншых сферах, дзе гэта аб’ектыўна неабходна», — акцэнтавала Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, што дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі ўстаноўлены 33 гады таму. Прэзідэнт Беларусі зрабіў свой першы афіцыйны візіт у 1994 годзе менавіта ва Узбекістан. Паводле яе слоў, гэты гістарычны факт падкрэслівае асаблівую значнасць, якую Беларусь надае партнёрству з Узбекістанам. «З гадамі ўзаемадзеянне стала толькі мацнейшае і дэманструе дынамічнае, паступальнае развіццё, якое абапіраецца на трывалы фундамент узаемнай павагі, даверу і агульнасці стратэгічных інтарэсаў», — сказала яна.
Гэтым летам адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь. Па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні была падпісана Дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж дзяржавамі, зацверджана дарожная карта па развіцці гандлёва-эканамічнага і сацыяльна-гуманітарнага супрацоўніцтва на 2026-2030 гады. Сярод ключавых напрамкаў — прамысловая кааперацыя і стварэнне сумесных вытворчасцей, сельская гаспадарка і пастаўкі прадуктаў харчавання, транспартная лагістыка, пашырэнне міжрэгіянальных і гуманітарных сувязей.
«Прынцыпова важна, што беларуска-ўзбекскае ўзаемадзеянне на вышэйшым і высокім узроўні мае змястоўны і рэзультатыўны характар. Сустрэчы кіраўнікоў нашых дзяржаў задаюць дакладныя арыенціры, фарміруюць палітычную волю і вызначаюць прыярытэты, якія потым паслядоўна рэалізуюцца на ўзроўні ўрадаў, парламентаў, міністэрстваў, рэгіёнаў», — падкрэсліла Наталля Качанава.





