Фотавыстава, прысвечаная працоўнаму подзвігу беларускіх жанчын, адкрылася ў Віцебску
8 кастрычніка, Віцебск /Алеся Пушнякова . У віцебскім Духаўскім кругліку адкрылася выстава «Непахісныя. Фоталетапіс подзвігу», дзе прадстаўлены дасягненні жанчын-працаўніц розных эпох,
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 фотаработ. Кожная з іх праслаўляе працоўны подзвіг жанчын з усіх рэгіёнаў Беларусі. Можна ўбачыць сярод фотапартрэтаў і прадстаўніц Віцебскай вобласці, якія аддалі ўсё жыццё любімай рабоце і здольны быць прыкладам для многіх калег. Гэта прадстаўніцы сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адукацыі. Праз іх працоўныя рэкорды, дасягненні паказана, як жанчыны ўносяць важкі ўклад у развіццё роднай краіны. Адзін з раздзелаў выставы прысвечаны працаўніцам пасляваеннага часу, якія нараўне з мужчынамі дапамагалі аднаўляць фабрыкі і заводы, адраджаць калгасы і адбудоўваць з руін разбураныя гарады. У Год беларускай жанчыны асабліва падкрэсліваецца роля нашых суайчынніц у падтрыманні і ўмацаванні сямейных каштоўнасцей, і на фотавыставе можна ўбачыць, напрыклад, жанчыну, якая выхавала 15 дзяцей.
Удзельнікі цырымоніі адкрыцця адзначылі, што нярэдка праца жанчын застаецца незаўважанай або недаацэненай, аднак такія выставы даказваюць, што беларускі на розных пасадах і ў розных сферах выконваюць работу любой складанасці і адказнасці.
Выстава — сумесны праект партыі «Белая Русь» і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яна паспела пабываць ужо ва ўсіх рэгіёнах краіны. Убачыць фотаработы ў Віцебску можна да 11 кастрычніка.






