Фіналы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў пройдуць у Мінску 14-26 чэрвеня
Фота Мінадукацыі 12 чэрвеня, Мінск . Фіналы 20-й Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў пройдуць у Мінску 14-26 чэрвеня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
Мацнейшыя юныя атлеты з усёй краіны пазмагаюцца за медалі ў 10 алімпійскіх відах спорту — ад баскетбола і лёгкай атлетыкі да плавання і каратэ, а таксама ў шахматах і шашках. Усяго пад спартыўныя баталіі будзе задзейнічана больш за дзясятак лепшых арэн Мінска.
Урачыстая цырымонія адкрыцця пройдзе 15 чэрвеня каля стэлы «Мінск — горад-герой». У праграме свята ўрачысты марш-парад каманд з усіх шасці абласцей і Мінска, святочны канцэрт з удзелам вядомых артыстаў, а таксама дзіцячых і маладзёжных творчых калектываў. Запрошаны ганаровыя госці з Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту, Мінгарвыканкама і спартыўных федэрацый.
Галоўную судзейскую калегію спартакіяды ўзначаліць алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ-двойцы (Пекін, 2008) Андрэй Багдановіч.




