«Два лёсы — адна кінакамера». Выстава пра жанчын-кінахранікёраў ВАВ адкрылася ў Мінску
Фота Музея гісторыі беларускага кіно 8 мая, Мінск . Выстава «Два лёсы — адна кінакамера», прысвечаная выдатным жанчынам — ваенным кінахранікёрам, якія адлюстравалі гераізм і мужнасць савецкага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, адкрылася ў Музеі гісторыі беларускага кіно ў рамках Года беларускай жанчыны. Аб гэтым БЕЛТА расказала загадчыца музея Вераніка Себруковіч.
У цэнтры экспазіцыі знаходзяцца лёсы дзвюх унікальных асоб — Атыліі Рэйзман і Марыі Сухавай. Гэтыя жанчыны не толькі сталі сведкамі гістарычных падзей, але і ўнеслі неацэнны ўклад у захаванне памяці пра вайну праз аб’ектывы сваіх камер.
«Яны здымалі каштоўныя для нас кадры ваеннай кінахронікі, якія з’яўляюцца важным гістарычным сведчаннем злачынстваў фашыстаў на беларускай зямлі. Сёння кожны наведвальнік Музея гісторыі беларускага кіно мае ўнікальную магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гэтымі жанчынамі не толькі як з прафесіяналамі, але і як з простымі людзьмі. Экспазіцыя расказвае пра іх жыццёвы і творчы шлях. Матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, якія пакладзены ў аснову гэтай выставы, дапаўняе відэакантэнт. Кадры ваеннай кінахронікі, прадастаўленыя Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, трансліруюцца ў рэжыме нон-стоп», — растлумачыла Вераніка Себруковіч.
Паводле яе слоў, у праекце ўдзельнічаў і Нацыянальны архіў Беларусі. У экспазіцыі музея таксама ёсць копіі ўзнагародных лістоў жанчын-кінахранікёраў, дакументы, якія датычацца іх дзейнасці, і мантажныя лісты.
Выстава прадоўжыць працаваць да 2 чэрвеня.






