Будаўніцтва комплексаў, укараненне інавацый. Якія задачы стаяць перад галіной сельскай гаспадаркі Беларусі
Фота з архіва 24 верасня, Мінск . Якія задачы стаяць перад галіной сельскай гаспадаркі Беларусі, расказалі эксперты на Міжнародным форуме сельскай гаспадаркі,
Паводле слоў намесніка міністра сельскай гаспадаркі Ігара Дарафейчыка, апошнія гады ў Беларусі назіраецца рост паказчыкаў у сельскай гаспадарцы. Аграрыі ставяць перад сабой задачы павышаць ураджайнасць і дабівацца больш высокіх рэзультатаў. «Гэта не выпадкова. Мы разумеем попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю, але адначасова ўлічваем цяжкасці, з якімі сутыкаемся пры яе вытворчасці і рэалізацыі», — сказаў ён.
Ігар Дарафейчык падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца аграрнай краінай, а сельская гаспадарка адыгрывае важную ролю ў яе эканоміцы. Галіна разглядаецца як адзін з ключавых напрамкаў развіцця і пунктаў росту. «Перад аграрным сектарам стаяць сур’ёзныя задачы. У прыватнасці, у Беларусі мадэрнізуюцца прадпрыемствы па вытворчасці і перапрацоўцы малака — гэта адзін са стратэгічных напрамкаў развіцця. Дасягнуць пастаўленых мэт без спецыялістаў, якія працуюць непасрэдна на прадпрыемствах, і іншых работнікаў даволі складана», — дадаў ён.
Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталлі Соніч, забеспячэнне харчовай бяспекі застаецца адным з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны. «Беларусь на працягу шэрага гадоў дэманструе высокія паказчыкі вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва. У сярэднім на аднаго жыхара краіны ў год прыпадае 104 кг мяса, 255 кг малака, 89 кг садавіны і ягад, 183 кг агародніны, 159 кг бульбы і 290 яек. На долю жывёлагадоўлі прыпадае больш за палавіну ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі. З 2020 па 2025 год у Беларусі забяспечаны рост сярэдняга надою малака ад каровы, і па выніках 2025 года паказчык дасягнуў рэкордных 6566 кг. Таксама за пяць гадоў захавалася дадатная дынаміка росту аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі галіны. За восем месяцаў 2026 года вытворчасць малака павялічылася да 102,8%, гадоўля жывёлы і птушкі — да 105,3%. Вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы склала 102,6%, свініны — 102,7%. Прадуктыўнасць дойнага статка за студзень — жнівень павялічылася амаль на 200 кг і дасягнула 4613 кг», — расказала яна.
Развіццё галіны звязана з будаўніцтвам новых і рэканструкцыяй дзеючых жывёлагадоўчых аб’ектаў, удасканаленнем генетыкі, тэхналогій кармлення і ўтрымання жывёл, укараненнем інавацый. «Малочная жывёлагадоўля Беларусі стала адной з найбольш эфектыўных галін, якія дынамічна развіваюцца. Больш за 75% кароў малочнага статка ўтрымліваюцца на 1,7 тыс. малочнатаварных комплексах. На іх атрымліваецца каля 80% малака ад усяго аб’ёму», — дадала начальнік галоўнага ўпраўлення.
Да 2030 года плануецца давесці вытворчасць малака да 10,5 млн т, а да 2035 года — да 11,5 млн т. «Неабходна пабудаваць і рэканструяваць каля 350 жывёлагадоўчых комплексаў. Штогод у краіне ўводзіцца больш за 60 малочнатаварных комплексаў. Дзяржаўнай праграмай «АПК будучыні» на 2026-2030 гады пастаўлена задача па вытворчасці каля 2,1 млн т жывёлы і птушкі ў жывой вазе», — дадала Наталля Соніч.
Акрамя таго, вядзецца будаўніцтва двух вялікіх свінагадоўчых комплексаў у Гомельскай і Брэсцкай абласцях (на 100 тыс. галоў адкорму ў год) плануецца пабудаваць два комплексы магутнасцю па 24 тыс. галоў адкорму ў год у Гомельскай і Мінскай абласцях. Новыя прадпрыемствы аснасцяць сучасным тэхналагічным абсталяваннем. Таксама будуецца селекцыйна-генетычны цэнтр у птушкагадоўлі, ствараюцца племянныя прадпрыемствы па індычкагадоўлі і перапёлкагадоўлі.
Таксама спецыяліст спынілася на рыбаводстве. Агульны водны фонд рыбалоўных угоддзяў краіны ўключае каля 10,8 тыс. вадаёмаў, налічваецца каля 28 тыс. рэк, працуюць больш за 500 суб’ектаў гаспадарання. На 16 вялікіх рыбаводных арганізацый прыпадае каля 80% вытворчасці рыбнай прадукцыі. Развіваецца індустрыяльнае рыбаводства з гадоўляй каштоўных відаў рыб і прымяненнем перадавых тэхналогій. «Распрацавана праграма будаўніцтва сучасных індустрыяльных комплексаў. Да 2035 года плануецца пабудаваць восем аб’ектаў агульнай магутнасцю больш як 7 тыс.т каштоўных відаў рыб. Рэалізацыя праграмы дасць магчымасць выпускаць больш за 10 тыс.т вясёлкавай фарэлі ў год», — сказала Наталля Соніч.
Міжнародны форум сельскай гаспадаркі — значная прафесійная падзея аграпрамысловага комплексу Беларусі. Ён аб’ядноўвае кіраўнікоў і спецыялістаў аграпрамысловага комплексу Беларусі, Расіі і краін СНД для абмеркавання практычных рашэнняў, сучасных тэхналогій і вопыту прадпрыемстваў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Форум праходзіць у Мінску, у праграме — пяць прафесійных напрамкаў: БРЖ (ветэрынарыя і заатэхнія); свінагадоўля; птушкагадоўля; аграномія, а таксама выступленні прадстаўнікоў галіновых арганізацый, навуковых устаноў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і тэхналагічных кампаній.





