Бюджэт-2027: як спланаваны даходы і расходы
Ключавая задача развіцця Беларусі ў будучым годзе — забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці, фінансавай устойлівасці, сацыяльнай арыентаванасці бюджэтных расходаў для скарачэння міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі па ўзроўні і якасці жыцця грамадзян. З улікам гэтага сфарміраваны рэспубліканскі бюджэт на чарговы фінансавы год. Адпаведны законапраект сёння прыняты дэпутатамі ў другім чытанні. Больш падрабязна аб структуры даходаў і расходаў расказаў, прадстаўляючы праект закона ў Авальнай зале, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Васіль Панасюк.
Агульная сума даходаў па праекце рэспубліканскага бюджэту на 2027 год вызначана ў аб’ёме каля 58 млрд 904 млн рублёў, або з удзельнай вагой 16,5% да ВУП. Расходы плануюцца ў суме каля 60 млрд 835 млн рублёў, або з удзельнай вагой 17% да ВУП. Дэфіцыт, які будзе пакрыты за кошт унутраных і знешніх крыніц, складае 1 млрд 931 млн рублёў, што складае 0,5% ВУП.
Даходы бюджэту
У галіне падатковай палітыкі ў наступным годзе захоўваецца пераемнасць у дасягненні раней пастаўленых задач: па забеспячэнні прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, стварэнні роўных умоў падаткаабкладання для суб’ектаў гаспадарання, аптымізацыі адміністрацыйных працэдур, павышэнні рацыянальнасці і стабільнасці падатковай сістэмы.
У будучым годзе найбольшую ўдзельную вагу ў структуры даходаў рэспубліканскага бюджэту складуць: ПДВ — 44%, даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 14%, акцызы і падатак на прыбытак — 6,3% і 6%. Непадатковыя даходы складуць 12,4%.
Расходы бюджэту
Дарожная карта дзяржаўных расходаў на наступны год мае традыцыйна ўзважаны характар і захоўвае сацыяльную накіраванасць. Расходы бюджэту ў галіне адукацыі прагназуюцца ў памеры 2 млрд 969 млн рублёў, або з ростам на 17%.
Васіль Панасюк адзначыў, што гэтыя сродкі павінны забяспечыць дасягненне новых задач, якія стаяць перад сістэмай. Сярод іх — павышэнне нацыянальнай канкурэнтаздольнасці ў сусветнай адукацыйнай прасторы, наданне большай устойлівасці дзяржаве ва ўмовах эканамічных і сацыяльных трансфармацый.
Бюджэтная палітыка ў галіне аховы здароўя будзе накіравана на фарміраванне здаровага ладу жыцця, шырокае ўкараненне ў практыку новых відаў спецыялізаванай і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, развіццё лічбавізацыі аховы здароўя, павышэнне прэстыжу спецыяльнасцей медыцынскіх работнікаў. На гэтыя мэты фінансаванне запланавана ў суме 3 млрд 890 млн рублёў, або на 14,6% больш (да ўзроўню бягучага года).
Згодна з праектам бюджэту, расходы на рэалізацыю сацыяльнай палітыкі прадугледжаны ў памеры без малога 4 млрд рублёў, што на 9% больш, чым запланавана на бягучы год. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на фінансаванне прыярытэтаў дзяржавы ў сацыяльнай сферы: сям’я, эканоміка ведаў, рэгіёны, навакольнае асяроддзе.
«Наша ідэалогія нязменная: чалавек і яго інтарэсы знаходзяцца ў цэнтры ўвагі», — падкрэсліў дэпутат і адзначыў, што сацыяльна значныя расходы бюджэту на будучы год прадугледжваюць выплату сямейнага капіталу, фінансаванне будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай, падтрымку дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, сродкі на фінансаванне цэнтралізаванай закупкі электра- і аўтатранспарту для ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання грамадзян.
Улічваючы прыярытэт пяцігодкі па дарогах, расходы рэспубліканскага дарожнага фонду прырастуць на 11% і складуць каля 2,5 млрд рублёў. Пры гэтым расходы на капітальны рамонт дарог павялічваюцца больш высокімі тэмпамі — у 1,5 раза і складуць 304 млн рублёў.
Для забеспячэння харчовай бяспекі, павышэння экспартнага патэнцыялу аграрнага сектара краіны ў бюджэце наступнага года гарантавана фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці сельскай гаспадаркі. Размова ідзе аб развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, рыбаводства і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, меліярацыі зямель, рэалізацыі пілотных інавацыйных аб’ектаў, рэзерве ветэрынарных прэпаратаў.
Васіль Панасюк адзначыў, што дэпутаты прымалі непасрэдны ўдзел ва ўсіх стадыях, якія праходзіў законапраект, і ўносілі заўвагі, прапановы, асобныя з іх знайшлі адлюстраванне ў праекце бюджэту. Шэраг заўваг прапанаваны да рэалізацыі ў наступных перыядах.
.






