Больш за 40 інвестпраектаў на суму звыш 2,9 млрд рублёў уключаны ў пералік прэферэнцыйных
Фота з архіва 6 кастрычніка, Мінск . У Беларусі ўключаны ў пералік прэферэнцыйных 44 інвестыцыйныя праекты на суму больш за 2,9 млрд рублёў, сферы іх рэалізацыі — апрацоўчая прамысловасць, сельская, лясная і рыбная гаспадарка, аптовы і рознічны гандаль, індустрыя забаў і адпачынку. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
У лідарах Брэсцкая вобласць — там рэалізуюць 17 праектаў з агульным аб’ёмам інвестыцый больш за 1,15 млрд рублёў. У топ-3 таксама ўваходзяць Віцебская (10 праектаў) і Магілёўская (9 праектаў) вобласці, з бізнес-ідэямі коштам каля 600 млн рублёў і каля 425 млн рублёў адпаведна.
Прэферэнцыйны інвестыцыйны праект — гэта праект, які рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі (за выключэннем Мінска) інвестарам без заключэння інвестыцыйнага дагавора з прадастаўленнем ільгот і (або) прэферэнцый. Прэферэнцыйным можа стаць праект, які адпавядае прыярытэтным відам дзейнасці. Інвестар абавязаны быць дзеючым суб’ектам гаспадарання, не знаходзіцца пад арыштам, не мець абмежаванняў на дзейнасць. Могуць быць і іншыя патрабаванні, якія датычацца фінансава-эканамічнага становішча. Дадатковыя патрабаванні да інвестпраекта могуць вызначацца Саветам Міністраў.
Ільготы і прэферэнцыі, якія прадстаўляюцца такім інвестпраектам, датычацца будаўніцтва (вызначэнне падрадчыка без правядзення ўстаноўленых заканадаўствам працэдур, паралельнае праектаванне), падаткаў і пошлін (вызваленне ад увазных мытных пошлін, ад падатку на прыбытак, ад дзяржаўнай пошліны за выдачу спецыяльных дазволаў на права заняцця працоўнай дзейнасцю ў Беларусі, ажыццяўленне вылічэння ПДВ у поўным аб’ёме), а таксама зямельных участкаў (прадастаўленне зямельнага ўчастка, уключанага ў пералік, без правядзення аўкцыёну, вызваленне ад зямельнага падатку і арэнднай платы на перыяд рэалізацыі праекта і інш.).





