Беларускія грацыі пачынаюць выступленні на этапе сусветнага Кубка выкліку ў Кітаі
Фота з архіва 19 чэрвеня, Мінск . У Пекіне стартуе другі этап розыгрышу сусветнага Кубка выкліку па мастацкай гімнастыцы з удзелам беларускіх спартсменак,
На этапе выступяць каля сотні грацый з 19 краін. У асабістых спаборніцтвах сеніёрак нашу каманду прадставяць Ганна Каменшчыкава і чэмпіёнка Беларусі ў мнагабор’і Дар’я Вярэніч. У групавых практыкаваннях заяўлены Паліна Аляксандрава, Сафія Барысевіч, Валерыя Мальковіч, Ганна Шакун, Кір’яна Шаўцова і Таісія Ярчак, якія ў канцы мая заваявалі серабро кантынентальнага форуму.
Першая палова турніру ў індывідуальным мнагабор’і пройдзе 19 чэрвеня з 8.30 да 13.30 па мінскім часе, пасля абеду стартуюць групавыя спаборніцтвы. Прызёры ў самым прэстыжным відзе праграмы будуць вызначаны ў суботу, а ў заключны дзень, 21 чэрвеня, адбудуцца фіналы ў асобных практыкаваннях.
Першы этап сусветнага Кубка выкліку праходзіў месяц таму ў Партугаліі, тады наша Аліна Гарнасько заняла трэцяе месца ў праграме са стужкай. У сакавіку і красавіку беларускі прымалі ўдзел у этапах Кубка свету ў Сафіі, Баку і Ташкенце, заваяваўшы ў агульнай колькасці чатыры медалі (адно серабро і тры бронзы).
Турнір у сталіцы Кітая стане першым за некалькі гадоў стартам пад эгідай World Gymnastics, на якім нашы грацыі выступяць з нацыянальнай сімволікай — рашэнне аб зняцці ўсіх абмежаванняў з беларусаў міжнародная федэрацыя прыняла 18 мая. Нядаўні чэмпіянат Еўропы, дзе нашы гімнасткі спаборнічалі пад сваім сцягам, быў арганізаваны European Gymnastics.






