Беларускі праект «Кожны трэці» прадставяць у Санкт-Пецярбургу да 85-годдзя з дня пачатку блакады Ленінграда
22 жніўня, Масква /Эдуард Півавар . Унікальны беларускі праект — канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» прадставяць 8 і 9 верасня ў Санкт-Пецярбургу ў Вялікай канцэртнай зале «Кастрычніцкі». Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы.
8 верасня 2026 года спаўняецца 85 гадоў з дня пачатку блакады Ленінграда — адной з самых трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны. У Дзень памяці ахвяр блакады Ленінграда больш за сто беларускіх артыстаў выйдуць на сцэну ВКЗ «Кастрычніцкі», каб ушанаваць памяць ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны і расказаць аб недапушчальнасці адраджэння нацызму.
Праект «Кожны трэці» прадстаўляе незвычайную форму сінтэзу канцэрта, спектакля і дакументальнага расказу, асновай якога з’яўляюцца фота- і відэадакументы, звязаныя з рознымі перыядамі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага часу, а таксама ўдакладненыя сучаснымі даследаваннямі лічбы і звесткі. Доўгі час лічылася, што ў час вайны загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, аднак удакладненыя апошнія гады даныя сведчаць аб тым, што Беларусь страціла ў вайне кожнага трэцяга.
У канцэрце-рэквіеме прагучаць як шырока вядомыя музычныя творы савецкага перыяду, так і новыя творы сучасных беларускіх аўтараў: Валерыя Шмата, Ганны Сялук, Яўгена Алейніка, Ганны Благавай і інш. Паэтычную аснову канцэрта складае «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага. Канцэрт-рэквіем створаны па ініцыятыве ТАА «Музычная медыякампанія» пры падтрымцы Міністэрства абароны і Міністэрства культуры Беларусі. Рэжысёр праекта — мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская, аўтары сцэнарыя — Уладзіслава Арцюкоўская і Ганна Сялук.








У 2024-2026 гадах канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» паглядзелі тысячы гледачоў у Беларусі, па два разы ён быў паказаны ў Маскве і Казані. За захаванне гістарычнай памяці і ўмацаванне духоўных каштоўнасцей у 2025 годзе праект быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».
У дні правядзення канцэрта-рэквіема ў фае ВКЗ «Кастрычніцкі» адбудуцца тэматычныя выставы, якія сталі знакавымі для Беларусі. Фотавыстава «Лёсы, складзеныя ў трохкутнік» заснавана на аднайменным сумесным інтэрнэт-праекце БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстава расказвае пра лёсы загінулых і тых, хто прайшоў усю вайну, — праз асабістыя пісьмы, паштовыя карткі, паштоўкі, адпраўленыя з агнявых рубяжоў родным, архіўныя фотаздымкі. Для наведвальнікаў будзе прадстаўлена рэдкая магчымасць напісаць і самастойна скласці па франтавым узоры пісьмо-трохкутнік.
Выстава «Партызаны Беларусі» — сумесны праект выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Беларусі — уяўляе сабой архіўную базу ўзнагародных лістоў, асабістых спраў, характарыстык баявых уліковых лістоў партызан. З дапамогай інтэрактыўнага стэнда праекта «Партызаны Беларусі» кожны наведвальнік зможа знайсці свайго сваяка з ліку партызан і падпольшчыкаў Беларусі, даведацца пра новыя факты аб партызанскім руху ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.
Паказы канцэрта-рэквіема ў Вялікай канцэртнай зале «Кастрычніцкі» рэалізуюцца ў рамках Года пецярбургскай культуры пры падтрымцы ўрада Санкт-Пецярбурга. 






