Беларусь заклікала спыніць выкарыстанне міжнародных інструментаў у палітычных інтарэсах
Фота з архіва 2 кастрычніка, Мінск . Рэформа ААН павінна адлюстроўваць сучасны баланс палітычных і эканамічных сіл у свеце. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў у інтэрв’ю ТАСС, тэкст якога апублікаваны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства, .
Гаворачы аб рэформе ААН, Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што яна павінна адлюстроўваць не рэаліі пасляваеннага перыяду мінулага стагоддзя, а сучасны баланс палітычных і эканамічных сіл у свеце. «Гэта рост і насельніцтва, і эканамічнай моцы нейкіх новых дзяржаў», — растлумачыў ён.
На думку дыпламата, пры прыняцці міжнародных рашэнняў неабходна ў большай ступені ўлічваць падыходы краін Глабальнай большасці, якія выступаюць за справядлівы светапарадак, шматкультурнасць і шматвектарнасць палітыкі.
«Трэба даць па руках тым краінам, якія выкарыстоўваюць або спрабуюць выкарыстоўваць міжнародныя інструменты ў сваіх эгаістычных палітычных інтарэсах. Рашэнні, якія прымаюцца ААН, павінны быць аб’ектыўнымі, непрадузятымі і не служыць інтарэсам якой-небудзь кучкі дзяржаў», — сказаў міністр.
Ён таксама звярнуў увагу, што асобнае прадстаўніцтва краін Еўрасаюза ў міжнародных структурах выклікае пытанні, калі дзяржавы аб’яднання прытрымліваюцца адзінай знешнепалітычнай лініі. «З якой краінай ні пагаворыш — ад Літвы да Мальты — і не спытаеш: “Да чагосьці гатовы?” — усе гавораць: «Не, там, у Бруселі, прынята рашэнне, мы гэтага ўсяго прытрымліваемся. Гэта наша агульная лінія». А навошта гэта трэба? Няхай адзін Еўрапейскі саюз прадстаўляе гэты блок, умоўна кажучы, калі там усё так зразумела, відавочна і гэтак далей», — адзначыў Максім Рыжанкоў.
Кіраўнік беларускага МЗС растлумачыў, што самастойнасць асобных краін ЕС у знешняй палітыцы з’яўляецца абмежаванай. На яго думку, нягледзячы на заявы аб уліку пазіцый дзяржаў-членаў, уплыў іх нацыянальных пунктаў гледжання на агульную знешнюю палітыку аб’яднання будзе скарачацца.






