Эканоміка

Беларусь і Манголія павысяць узровень узаемадзеяння ў галіне біржавога гандлю

Фота з архіва 27 кастрычніка, Мінск . Супрацоўніцтва Беларусі і Манголіі ў сферы біржавога гандлю плануецца вывесці на якасна новы ўзровень за кошт больш глыбокай прапрацоўкі таварных напрамкаў, па якіх паміж рэзідэнтамі дзвюх краін ужо заключаюцца біржавыя здзелкі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

У прыярытэце таксама далейшая дыверсіфікацыя структуры ўзаемнага тавараабароту — як у сегменце харчовых, так і нехарчовых тавараў.

«Біржавы гандаль Беларусі і Манголіі развіваецца з 2024 года, калі праз біржу на мангольскі рынак былі рэалізаваны першыя партыі беларускага цукру. Сёння аснову біржавога тавараабароту дзвюх краін складае экспарт сухога абястлушчанага і неразведзенага малака з Беларусі. У параўнанні са студзенем-вераснем мінулага года закупкі гэтай прадукцыі мангольскімі ўдзельнікамі таргоў выраслі ў 5 разоў у вартасным выражэнні», — адзначыў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) Яраслаў Кавальчук.

Паводле яго слоў, для падтрымання высокай дадатнай дынамікі ў доўгатэрміновым перыядзе вельмі важна не толькі паступова павялічваць аб’ёмы здзелак, але і пашыраць асартымент тавараў, якімі беларускія і мангольскія прадпрыемствы гандлююць праз біржу. «У прыватнасці, беларускі экспарт мэтазгодна «ўзмацніць» такімі пазіцыямі, як піламатэрыялы, рапсавы алей, ільняное валакно і кармавыя дабаўкі. У сваю чаргу мангольскія вытворцы маглі б пастаўляць у Беларусь шарсцяное валакно і плавіковы шпат. Попыт на гэтыя тавары пацвярджаецца рэгулярным размяшчэннем заявак на іх куплю ў гандлёвай сістэме біржы», — адзначыў Яраслаў Кавальчук.

Беручы пад увагу асаблівасці транспартна-лагістычнага забеспячэння і разлікаў па біржавых здзелках з кампаніямі з Манголіі, прыцягваць новых удзельнікаў таргоў з гэтай краіны БУТБ мае намер пры падтрымцы біржавога брокера, які адказвае за мангольскі напрамак. Гэта дасць магчымасць прадастаўляць мангольскім кампаніям комплексную паслугу па выхадзе на біржавы рынак Беларусі.

Цяпер на біржы акрэдытаваны сем рэзідэнтаў Манголіі — пераважна пакупнікі малочнай прадукцыі і цукру.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»