«Асалода чытання». Анлайн-бібліятэка пад адкрытым небам з’явілася ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы
6 мая, Мінск . Лічбавы інфармацыйна-асветны праект «Асалода чытання» стартаваў 5 мая ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы — філіяле Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі,
Аўтарам праекта выступіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анжаліка Курчак. Яна расказала, што ідэя з’явілася ў час размовы з юнакамі і дзяўчатамі, якія вучацца ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы. Размова ішла ў тым ліку аб важнасці захавання гістарычнай памяці, папулярызацыі беларускай літаратуры.
«Абмяркоўваючы гэтыя тэмы з маладымі людзьмі, мы прыйшлі да таго, што трэба стварыць праект. Пачыналі мы з таго, што ўключыліся ў буккросінг, потым вырашылі стварыць віртуальную бібліятэку. Навучэнцы расказалі, што ў іх тут няма ніякай прасторы, дзе можна адпачыць. Я ім прапанавала гэта ўсё злучыць і стварыць анлайн-бібліятэку пад адкрытым небам», — расказала дэпутат.
Праект мае доўгатэрміновы характар, накіраваны на развіццё цікавасці моладзі да чытання і вывучэння беларускай літаратурнай спадчыны па розных тэмах. Створана інтэрактыўная анлайн-платформа, на якой размешчаны творы беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў. У скверы на тэрыторыі каледжа ўстаноўлена мастацкая інсталяцыя ў выглядзе металічнага п’едэстала з картай Беларусі і QR-кодам, які вядзе на сайт, а таксама лаўка, вакол якой высаджаны расліны для заніравання прасторы — з гэтым дапамаглі прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі.
Анжаліка Курчак падкрэсліла, што выбар тэмы твораў для напаўнення анлайн-платформы не выпадковы — хутка Беларусь будзе адзначаць гадавіну Дня Перамогі. «У працэсе абмеркавання праекта з кіраўніцтвам Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі прыйшлі да высновы, што возьмем творы пісьменнікаў-франтавікоў. Гэта і творы вядомых аўтараў, і малавядомыя публікацыі ў газетах, якія выходзілі ў той час, іншыя творы», — дадала яна.
Дэпутат адзначыла, што праект будзе развівацца. «Калі хто-небудзь захоча больш падрабязна даведацца аб ім, ён прыедзе сюды, па QR-кодзе пяройдзе на сайт. Там ёсць акно, дзе напісана: «Дапоўніць аўтара». Кожны жадаючы можа прапаноўваць тэмы, аўтараў», — сказала яна.
Прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аксана Папова назвала падзею ўнікальнай. Паводле яе слоў, у выніку намаганняў і энтузіязму моладзі ідэя дэпутата ўвасобілася ў цудоўны арт-праект.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ірына Рамановіч адзначыла, што праект цудоўны і прыцягвае моладзь да чытання дастойнай літаратуры.
Навучэнка каледжа Ангеліна Лабко дадала, што дзякуючы рэалізацыі гэтай ідэі кожны, у каго ёсць тэлефон, зможа зайсці, паглядзець і выбраць тыя творы беларускай літаратуры, якія яму падабаюцца. Паводле яе слоў, такія праекты вельмі важныя для краіны, яны дапамагаюць акунуцца ў гісторыю і ўсвядоміць важнасць твораў, зразумець думкі іх аўтараў. 






