Амаль на 40% знізілася за некалькі гадоў падлеткавая злачыннасць у Беларусі
Фота з архіва 5 кастрычніка, Мінск . Генеральная пракуратура праверыла выкананне заканадаўства ў сферы папярэджання безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні ўзаемадзеяння са СМІ Генеральнай пракуратуры.
Як адзначылі ў ведамстве, на працягу некалькіх гадоў у краіне зніжаецца ўзровень падлеткавай злачыннасці: з 1749 выпадкаў у 2019 годзе да 1060 у 2025-м. Такім чынам, колькасць гэтых злачынстваў за вызначаны перыяд зменшылася на 39,3%.
«Асаблівую ўвагу пракуроры звярнулі на павелічэнне колькасці непаўналетніх, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні, у адносінах да якіх было прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з недасягненнем узросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці, — расказалі ў Генеральнай пракуратуры. — Асноўныя ўмовы, якія садзейнічалі ўчыненню непаўналетнімі грамадска небяспечных дзеянняў да дасягнення ўзросту крымінальнай адказнасці — невыкананне бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей; аслаблены кантроль з боку законных прадстаўнікоў за правядзеннем свабоднага часу дзяцей».
Пракуроры ўстанавілі, што ў Гомельскай вобласці ў неспрыяльнай абстаноўцы на момант учынення проціпраўных дзеянняў выхоўвалася кожнае дзясятае дзіця, у Гродзенскай вобласці і Мінску — кожнае сёмае, у Віцебскай вобласці — кожнае пятае. «Пры гэтым зафіксаваны факты, калі праваахоўнікі не накіроўвалі ў органы кіравання адукацыяй звесткі аб неспрыяльнай для дзяцей абстаноўцы. Па гэтай прычыне не заўсёды своечасова праводзіліся сацыяльныя расследаванні, што не дазваляла кампетэнтным службам забяспечыць раннюю прафілактычную работу для ліквідацыі прымет сямейнага дрэннага становішча», — адзначылі ў ведамстве.
«Знамянальна, што ў краіне найбольш высокую ўдзельную вагу ў структуры грамадска небяспечных дзеянняў (каля 40%) займаюць крадзяжы веласіпедаў і самакатаў, у тым ліку паблізу або з пад’ездаў жылых дамоў, а таксама з тэрыторый устаноў адукацыі. Іх, як правіла, учынялі дзеці ва ўзросце ад 8 да 10 гадоў, якія ў поўнай меры не ўсведамлялі проціпраўны характар сваіх дзеянняў. «Напрыклад, у Фрунзенскім раёне Мінска за 6 месяцаў 2026 года 67% учыненых непаўналетнімі проціпраўных дзеянняў да дасягнення ўзросту крымінальнай адназнасці звязаны менавіта з крадзяжом маёмасці, з іх 45% — крадзеж веласіпедаў і самакатаў, — расказалі ў ведамстве. — Не адзінкавыя выпадкі, калі самі ўласнікі не прымалі дастатковыя меры па захаванасці сваёй маёмасці, што таксама садзейнічала ўчыненню крадзяжу непаўналетнімі».
Як паказала пракурорская праверка, зацікаўленым органам важна забяспечыць эфектыўнае правядзенне растлумачальнай работы сярод насельніцтва, асаблівую ўвагу ўдзяліўшы павышэнню ўзроўню правасвядомасці законных прадстаўнікоў непаўналетніх. Сярод іншага гэта дапаможа дарослым лепш усвядоміць адказнасць за проціпраўныя паводзіны іх дзяцей, а таксама захаванасць маёмасці.
Па выніках праверкі намеснік генпракурора накіраваў прадстаўленне ў Міністэрства ўнутраных спраў, у якім запатрабаваў устараніць выяўленыя парушэнні заканадаўства, а таксама прычыны і ўмовы, якія ім садзейнічалі.



