Абсалютная большасць падаткаплацельшчыкаў у Беларусі добраахвотна выконвае свае абавязацельствы — МПЗ
Фота з архіва 25 кастрычніка, Мінск . У Беларусі абсалютная большасць плацельшчыкаў добраахвотна выконвае свае падатковыя абавязацельствы і фарміруе даходную частку бюджэту. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ расказаў міністр па падатках і зборах Дзмітрый Кійко, .
Гаворачы аб зарплатах у канвертах, кіраўнік ведамства адзначыў, што праведзена каля 700 праверак, якія завяршыліся складаннем актаў і вынясеннем рашэнняў. «Сума падаходнага падатку, якую мы прапанавалі даплаціць, склала каля 136 млн рублёў. Шмат гэта ці мала? Гэта каля 1% ад паступленняў падаходнага падатку па краіне», — праінфармаваў Дзмітрый Кійко.
Акрамя праверак, падатковыя органы праводзяць прафілактычную работу: папярэджваюць плацельшчыкаў аб парушэннях і прапануюць выправіць іх. Такіх паведамленняў — дзясяткі тысяч.
Усяго па краіне правялі каля 1,8 тыс. праверак розных відаў — камеральных, выязных і аператыўных. Па іх выніках суб’ектам гаспадарання прапанавалі даплаціць каля 700 млн рублёў, цяпер ідзе спагнанне гэтых сродкаў. «Сума, з аднаго боку, дастаткова вялікая, але яна не перавышае 1% падатковых даходаў, якія фарміруюць асноўную частку бюджэту. Таму мы гаворым аб тым, што ўсё ж такі ў нас абсалютная большасць плацельшчыкаў добраахвотна выконвае свае падатковыя абавязацельствы і фарміруе даходную частку бюджэту. За гэта мы, вядома, удзячныя. А для тых, хто ўхіляецца, мы ўдасканальваем свае метады і будзем з імі працаваць», — падкрэсліў міністр.
Адказваючы на пытанне аб так званым падатку на багацце, Дзмітрый Кійко падкрэсліў, што размова ідзе не аб увядзенні асобнага падатку, а аб карэкціроўцы дзеючых, каб больш справядліва размеркаваць падатковую нагрузку. Пры гэтым новыя мэханізмы яшчэ нават не пачалі працаваць у поўнай меры. «Павышаныя стаўкі на нерухомую маёмасць, прынятыя ў мінулым годзе, плацельшчыкі пачнуць плаціць толькі ў 2027 годзе. Паводле папярэдніх ацэнак, мясцовыя бюджэты атрымаюць дзякуючы гэтым змяненням каля 20 млн рублёў. Для ўладальніка маёмасці коштам вышэйшым за сярэдні гэтыя сумы будуць пасільнымі. Мы не гаворым аб празмерным спагнанні: стаўка падатку будзе прапанавана ўсяго толькі ў два-тры разы больш. Гэта можа гучаць моцна, але калі мы паглядзім на стандартны плацёж, напрыклад за стандартную кватэру, стандартны зямельны ўчастак, аўтамабіль у самым запатрабаваным сегменце, то гэта даволі адэкватныя сумы. Мы гаворым пра 50-60 рублёў у год за аўтамабіль, за больш дарагі — прыкладна 90-110 рублёў. Нават пры павелічэнні стаўкі ў два-тры разы сумы застаюцца ўмеранымі», — растлумачыў ён.
Паводле слоў міністра, найбольшы фіскальны эфект дае павышаная стаўка падаходнага падатку. З 2024 года дзейнічае трохузроўневая сістэма: стандартная стаўка, 25%, а таксама 30% — для даходаў звыш 600 тыс. рублёў. «Кампанія дэкларавання праходзіць ужо два гады. Падатковыя органы суправаджаюць увесь працэс, падказваюць плацельшчыкам, што трэба падаваць дэкларацыі, рабіць разлікі. Плацельшчыкі ў гэтым сегменце дастаткова дысцыплінаваныя. Яны ў абсалютнай большасці выконваюць. Калі гаварыць пра атрыманы эфект, то ён істотны: па выніках кампаніі бягучага года ў бюджэт дадаткова паступіла 380 млн рублёў, гэта значная сума, а сфарміравалі яе амаль 9 тыс. чалавек», — праінфармаваў Дзмітрый Кійко.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што на гэты момант няма неабходнасці павышаць стаўкі або ўводзіць новыя падаткі на багацце. Плануецца спрасціць падатковае адміністраванне, каб быў больш зразумелы гэты працэс.
Больш актуальных навін і аналітыкі глядзіце на VIDEOBEL.BY.






