«Кантроль за харчаваннем і выбар бяспечнага ранца». Санэпідслужба аб падрыхтоўцы да новага навучальнага года
Фота з архіва 28 жніўня, Мінск . Якія пытанні вырашае санітарна-эпідэміялагічная служба пры падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года, журналістам расказала ўрач-гігіеніст (загадчык) аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзіяна Лаўрысюк.
«Пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 2026/27 навучальнага года быў забяспечаны сістэмны падыход на ўсіх этапах: ад актуалізацыі нарматыўнай базы да ацэнкі адпаведнасці і прыёмкі кожнай школы. У сакавіку — красавіку 2026 года санітарна-эпідэміялагічнай службай у складзе камісіі наведаны ўсе ўстановы адукацыі краіны з вызначэннем адпаведных мерапрыемстваў па іх падрыхтоўцы», — адзначыла Дзіяна Лаўрысюк.
Паводле яе слоў, аб пытаннях, якія патрабуюць вырашэння, інфармаваны абласныя і гарадскія органы ўлады. Сярод гэтых пытанняў рамонт, выкарыстанне штучнай асветленасці ў адпаведнасці з гігіенічным нарматывам, замена зношанай мэблі, набыццё абсталявання для механізацыі тэхналагічных працэсаў прыгатавання ежы і мыцця посуду.
Асаблівую ўвагу санітарна-эпідэміялагічная служба ўдзяліла пытанням забеспячэння гігіенічных патрабаванняў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, харчавання, адпачынку, а таксама бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі. У рамках праведзеных капітальных і маштабных бягучых рамонтаў было прадугледжана значнае паляпшэнне санітарна-тэхнічнага стану будынкаў, аб’ектаў харчавання, спартыўных залаў і пляцовак, тэрыторый, што дало магчымасць забяспечыць у школах адпаведныя гігіенічныя патрабаванні.
«Таксама забяспечана гігіенічная ацэнка з лабараторным суправаджэннем аб’ектаў новага будаўніцтва і рэканструкцыі. На сёння ўсе аб’екты ўведзены ў эксплуатацыю. Па кожнай установе адукацыі, дзе работы па рэканструкцыі будуць праводзіцца пасля 1 верасня, прапрацаваны кампенсуючыя мерапрыемствы, якія забяспечаць належныя ўмовы арганізацыі адукацыйнага працэсу і харчавання ўдзельнікаў», — растлумачыла Дзіяна Лаўрысюк.
Спецыялісты санэпідслужбы таксама ацанілі падрыхтоўку аб’ектаў харчавання, у тым ліку камбінатаў школьнага харчавання, прынялі ўдзел у міжведамасных семінарах па навучанні работнікаў аб’ектаў харчавання ўстаноў адукацыі.
Акрамя таго, яны ажыццяўляюць кантроль па недапушчэнні абарачэння на тэрыторыі краіны тавараў негарантаванай якасці. «У перыяд правядзення школьных базараў забяспечаны кантроль за выкананнем патрабаванняў бяспекі рэалізуемых школьных тавараў. У 24% гандлёвых аб’ектаў выяўлены парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, асноўнымі з якіх з’яўляліся парушэнне патрабаванняў да маркіроўкі тавараў, адсутнасць маркіроўкі, неадпаведнасць устаноўленым патрабаванням, інфармацыі і звесткам у суправаджальных дакументах або адсутнасць прадугледжаных заканадаўствам дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку», — сказала ўрач-гігіеніст.
Так, па выніках лабараторных даследаванняў, 4% адабраных проб не адпавядаюць гігіенічным патрабаванням па паказчыках гіграскапічнасці, паветрапранікальнасці і індэксе таксічнасці. У сувязі з гэтым прыняты адпаведныя меры рэагавання, прыпынена рэалізацыя больш як трохсот з палавінай тысяч адзінак тавараў. Сюды ўвайшлі адзенне, абутак, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, ранцы, партфелі.
Дзіяна Лаўрысюк падкрэсліла, што ў сувязі з гэтым у СМІ актыўна даюцца тлумачэнні і рэкамендацыі па гігіенічных патрабаваннях да школьнага адзення, абутку, ранцаў і рукзакоў.




