Дзе ў Беларусі захоўваюць традыцыі ручной касьбы
Штогод у заказніку «Спораўскі» праходзіць экалагічны фестываль «Спораўскія сенажаці».
Ва ўменні касіць ручнымі косамі, кляпаць іх і тачыць спаборнічаюць як мужчыны, так і жанчыны, у камандным (па два чалавекі) і асабістым заліку.
Хутка і якасна трэба скасіць участак даўжынёй 100 м і шырынёй не менш як 1,5 м на кожнага.
У сярэднім пакос займае ад 5 да 10 мінут.
Фестываль таксама вядомы відовішчным футбольным турнірам.
Пляцоўка для футбола — участак тарфянога балота без расліннасці памерам 60×30 м. Адзін перыяд доўжыцца 13 мінут, каманды гуляюць складам па шэсць чалавек.
Экалагічны фестываль «Спораўскія сенажаці» не толькі захоўвае нацыянальныя традыцыі касьбы, але і прыцягвае ўвагу да праблемы зарастання балот і захавання іх біяразнастайнасці.
Для даведкі
Біялагічны заказнік «Спораўскі» — буйнейшы масіў нізінных балот Палесся. Займае плошчу 19,4 тыс. га. Размешчаны на тэрыторыі некалькіх раёнаў Брэсцкай вобласці.
Спораўскія балоты дайшлі да нас практычна ў некранутым выглядзе. Гэта дазволіла захавацца многім знікаючым відам раслін, жывёл і птушак, уключаючы вяртлявую чарацянку — самую рэдкую пеўчую птушку Еўропы.
Крыніцы: заказнік «Спораўскі», Бярозаўскі райвыканкам, адкрытыя крыніцы.






