Узровень 32-га паверха. У МНС расказалі аб магчымасцях самай высокай спецтэхнікі
Фота МНС 17 лістапада, Мінск . Аўтакаленчата-тэлескапічны пад’ёмнік АКТП-90 здольны паднімаць людзей і абсталяванне на вышыню да 90 м, што адпавядае 32-му паверху. У МНС Беларусі БЕЛТА расказалі аб самай высокай адзінцы спецтэхнікі.
Машына прызначана для работы на аб’ектах павышанай паверхавасці і складаных архітэктурных збудаваннях, напрыклад Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Люлька пад’ёмніка можа перамяшчацца як у вертыкальнай, так і ў гарызантальнай плоскасці. Гэта дазваляе працаваць на складаным рэльефе або пры ўскладненым пад’ездзе да самага фасада будынка.
Дзевяць кален і тэлескапічных секцый дазваляюць перагібаць стралу праз парапеты, дахі прыбудоў або дрэвы. Люлька можа не толькі паднімацца ўверх, але і апускацца ніжэй за узровень зямлі (глыбіня апускання — да 18,5 м) для работы ў катлаванах або на набярэжных.
Унутры стралы пракладзены вадавод, які злучаецца з лафетным ствалом на люльцы. Гэта рашэнне забяспечвае падачу вады на вышыню да 90 м без ручной пракладкі рукаўных ліній. Пад’ёмнік аснашчаны аўтаматычнай сістэмай бяспекі і электронным кантролем, што дае яму магчымасць забяспечваць бяспеку праводзімых работ у залежнасці ад вагі ў люльцы і ўмоў надвор’я.





